«Скураны мяч»: футбол пачынаецца тут
На Чэрвеньшчыне вызначылі пераможцаў раённых занальных спаборніцтваў па футболу сярод дзяцей і падлеткаў “Скураны мяч” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба.
У хлопчыкаў яны праводзіліся па трох узроставых групах. У турніры сярод футбалістаў 2004-2005 гадоў нараджэння каманды былі падзелены на дзве падгрупы па тэрытарыяльнаму прынцыпу (Чэрвень і Смілавічы). У Чэрвені, дзе спаборнічалі каманды трох гарадскіх школ і гімназіі, з трыма перамогамі першынствавала каманда СШ №4. У Смілавічах абодвух сваіх сапернікаў – СШ №1 і Запольскую СШ – абыгралі футбалісты другой школы. Яны ж выйгралі і фінальны матч турніру ў СШ №4 – 4:3.
Такія ж саставы падгруп былі і ў спаборніцтвах сярод хлопчыкаў 2008-2009 гадоў нараджэння. У Чэрвені каманда СШ №4 разграміла ўсіх сваіх сапернікаў з аднолькавым лікам – 5:0. У Смілавічах мацнейшай была каманда Запольскай СШ. Фінальны матч скончыўся пераканаўчай перамогай каманды з Заполля – 4:0.
У турніры сярод футбалістаў 2006-2007 гадоў нараджэння ўдзельнічалі каманды чэрвеньскіх СШ №3, СШ №4 і гімназіі. З максімальным вынікам і розніцай мячоў 10:1 тут перамаглі спартсмены трэцяй школы.
Дзяўчынкі 2006-2008 гадоў нараджэння былі прадстаўлены на спаборніцтвах двума камандамі. Юныя футбалісткі Запольскай школы (на здымку), якія займаюцца ў трэнера дзявочай “Асторыі” (Чэрвень) Максіма Шалабнёва, не пакінулі ніякіх шанцаў равесніцам з СШ №3 – 10:0.
Пераможцы раённых турніраў у кожнай узроставай групе возьмуць удзел у абласным занальным этапе спаборніцтваў.
Фота Ігара АДАМОВІЧА