В школах Ушаччины прошли выпускные вечера

Источник материала:  
13.06.2018 — Разное

На зыходзе суботняга дня ім не надта верылася, што надышоў час развітання з дзяцінствам. Наперадзе ў іх былі знакавыя ўрачыстасці з уручэннем атэстатаў сталасці, шчырыя віншаванні, настаўленні педагогаў і бацькоў, хвалюючыя словы прызнання і спадзявання… 9 чэрвеня 80 экс-адзінаццацікласнікаў школ Ушаччыны – дзяўчаты з шыкоўнымі прычоскамі і ў вячэрніх сукенках, юнакі ў стыльных касцюмах – ва ўсёй красе сабраліся ў родных альма-матар на выпускны баль.

Нібы па чырвонай галівудскай дывановай дарожцы, пад пільным позіркам фота- і відэакамер крочылі ўвечары да цэнтральнай плошчы гарпасёлка 46 выпускнікоў Ушацкай школы.В школах Ушаччины прошли выпускные вечера

“Ніколі не здраджвайце сваёй мары, будзьце настойлівымі і працавітымі – і ўсё ў вас атрымаецца, – жадалі юнакам і дзяўчатам спецыяліст абласнога інстытута развіцця адукацыі Ю.С.Кардычка, начальнік аддзела па адукацыі Н.В.Стрыжонак, начальнік арганізацыйна-кадравага аддзела райвыканкама В.М.Шахноўская, першы сакратар райкама БРСМ Р.У.Півульская. – Дзеля гэтага былі гады вучобы ў школе, атрыманыя веды, якія стануць вырашальнымі на ўступных іспытах”. Ганаровыя госці падзякавалі педагогам за іх высакародную працу, бацькам за тое, што яны разам са школай выхавалі дастойных сыноў і дачок. І зноў звярнуліся да выпускнікоў з пажаданнем дасягнуць усіх вышынь, якія яны паставяць перад сабою. І няхай гэта будзе не толькі асабіста для іх, але і на карысць любімай Радзімы.

У канве цудоўнага балю, як пацвярджэнне таго, што праца і настойлівасць вядуць да поспеху, – урачысты момант уручэння ўзнагарод. Пасведчанні спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі атрымалі ў гэты вечар неаднаразовы пераможца абласнога, дыпламант заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды па хіміі Леанід Давыдаў і яго настаўніца Ларыса Аркадзьеўна Струй. Падзякамі раённага Савета дэпутатаў адзначаны старшыня Маладзёжнай палаты Ушацкага раёна першага склікання Лізавета Жарнасек і шматлікія актывісты грамадскага аб’яднання. Падзякі райкама БРСМ з’явіліся ў скарбонцы дасягненняў шэрагу пастаянных удзельнікаў розных мерапрыемстваў і акцый. Працавітасць і настойлівасць усім гэтым юнакам і дзяўчатам прывівалі іх класныя кіраўнікі Ірына Генадзьеўна Каваленка і Вольга Міхайлаўна Кухто.

Афіцыйная частка балю, што праходзіла на плошчы, завяршылася вальсам выпускнікоў і запускам у неба паветраных шароў, а ў актавай зале Ушацкай школы ўсіх прысутных чакаў не менш цікавы працяг. Многія мамы і нават таты змахвалі слёзы, калі на экране з’яўляліся фота іх малых і ўжо дарослых дзяцей, а вядучыя зачытвалі адметныя іх характарыстыкі. Сапраўднай спартсменкай, актывісткай і проста прыгажуняй вырасла Крысціна Зуева, гонар не толькі для блізкіх, але і ўсёй Ушаччыны. Няпроста было справіцца з хваляваннем заўсёды стрыманым Людміле Міхайлаўне і Сяргею Уладзіміравічу Мядзведзевым, якія прыйшлі на апошні школьны баль любімай унучкі Эвеліны. Каб не прапусціць урачыстасць, загадзя адпрасіўся са службы Сяргей Іосіфавіч Чырвоны, тата выпускніка Дзяніса. Ды і наогул для ўсіх бацькоў былых адзінаццацікласнікаў у гэты дзень на першым плане былі мерапрыемствы выпускнога вечара.

Падчас святочнага дзейства юнакоў і дзяўчат чакала нямала сюрпрызаў: сустрэча з першымі настаўнікамі, канцэртныя нумары ў выкананні вучняў і нават бацькоў. Чаканым момантам стала, вядома ж, атрыманне атэстатаў. Гэты дакумент ім па традыцыі ўручыў дырэктар школы Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі.

Жадаючых трапіць у залу на выпускны ва Ушачах было надзвычай многа. Родных выпускнікоў размясцілі на спецыяльна адведзеныя месцы, а дзверы пакінулі расчыненымі. Няхай краем вока, але знаёмыя і сябры маглі паназіраць за святам, якое, несумненна, удалося! Вельмі многа было на ім пранікнёных момантаў, таму некалькі гадзін прайшлі на адным дыханні.

Не менш запамінальна праходзіў выпускны баль у Ільюшынскай школе, якую сёлета пакідаюць 9 выпускнікоў. Галоўнай жа адметнасцю мерапрыемства стала ўручэнне залатога медалю выпускніцы ўстановы Марыі Сцёпачкінай – гэтую ўзнагароду, а таксама прэмію ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” дзяўчына атрымала з рук старшыні раённага Савета дэпутатаў, старшыні названага грамадскага аб’яднання Наталлі Мікалаеўны Марковіч. Дасягнуць такой вяршыні, па словах Машы, удалося дзякуючы пастаяннай рабоце над сабой, а мэтанакіраванасць, уменне планаваць свой час, перадаліся ёй у спадчыну ад мамы і таты. Падтрымаць медалістку і іншых не менш таленавітых выпускнікоў – у большасці сваёй прадстаўніц прыгожай паловы – на мерапрыемства ў Ільюшыне прыйшлі бацькі і шматлікія сябры, шчырыя віншаванні маладым людзям адрасавалі прадстаўнікі раённай улады.

Не менш увагі ў гэты вечар дасталася выпускнікам і педагогам Вялікадолецкай школы. І гэта зразумела: навучальную ўстанову сёлета скончыла яшчэ адна залатая медалістка Ларыса Правада. Як адзначыла дырэктар школы Рыма Леанідаўна Аніскевіч, дзяўчынка пачала заваёўваць узнагароды ўжо з 4 класа! А ўсяго за гады вучобы Ларыса 8 год запар станавілася прызёрам раённых алімпіяд, прычым кожны год – па двух прадметах. 4 разы дзяўчына была дыпламантам раённага конкурсу міжкультурных камунікацый, мае столькі ж дыпломаў і абласнога ўзроўню. А яшчэ каманда Вялікадолецкай школы таксама 4 гады запар станавілася пераможцам або прызёрам раённага інтэлектуальнага конкурсу “Эрудыт” і ўнёсак у гэта Л.Правады вялікі. Ёй, а таксама яе маці давялося выслухаць многа шчырых слоў удзячнасці ад педагогаў і ганаровых гасцей. Як і ў Ільюшына, залаты медаль і 100 рублёў прэміі дзяўчыне з Казімірова ўручыла Н.М.Марковіч. З Вялікіх Дольцаў у вялікі свет сёлета адпраўлялі шасцёра выпускнікоў з усіх частак сельсавета. Тры юнакі і тры дзяўчыны сталі галоўнымі героямі цудоўнай імпрэзы, з танцамі, песнямі і тэатральнымі пастаноўкамі. Удзел у іх прыняла амаль уся школьная сям’я – ад мілых і непасрэдных дашкольнікаў да звычайна сур’ёзных і ўраўнаважаных настаўнікаў, якія праяўлялі выдатныя артыстычныя таленты. Традыцыйна выпускнікі ўсклалі кветкі да помніка на брацкай магіле воінаў і партызан у цэнтры аграгарадка.

Гучным у прамым і пераносным сэнсе гэтага слова стаў выпускны вечар у Глыбачанскай школе. Сёлета са сцен альма-матар у дарослае жыццё пераходзяць 10 юнакоў і дзяўчат, прызёраў раённага этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, актывістаў райкама БРСМ. Ледзь стрымлівалі слёзы падчас развітання з любімымі выхаванцамі іх першая настаўніца Раіса Андрэеўна Саматуга і класны кіраўнік Зоя Іванаўна Жогаль. Шмат у гэты вечар было цікавых успамінаў аб школьным жыцці, цёплых пажаданняў, арыгінальных сцэнічных нумароў. Завяршылася ж дзейства ў двары школы эфектным феерверкам.

Не антуражам, а перажытымі пачуццямі запомніцца гэты вечар і выпускнікам Арэхаўскай школы. Шчырыя словы падчас вечарыны знайшліся і пра кожнага з 9 юнакоў і дзяўчат, і пра іх бацькоў, і, канечне, пра настаўнікаў. З бачнай лёгкасцю, змяняючы павольны тэмп на хуткі, выпускнікі прадстаўлялі свае харэаграфічныя нумары, кружыліся пад музыку, развітваючыся са школай. У тым жа, што наперадзе ў іх нямала дасягненняў, сумнявацца не даводзіцца: навучанне ва ўстанове без перабольшвання можна назваць персанальным – кожны з дзяцей згодна з прыроднымі здольнасцямі абірае свой профіль і знаходзіць падтрымку педагогаў, якія выконваюць і ролю рэпетытараў, займаючыся не за аплату, а на аддачу. “Гэта і наш імідж, імідж школы”, – неаднойчы гучала падчас вечара ад калектыву прафесіяналаў.

…І стала мінулая субота ў асабістым календары былых адзінаццацікласнікаў раёна святам, якое назаўсёды будзе пазначана чырвоным. Выпускны баль, непаўторны, прыбраны ў шматквецце букетаў і паветраных шароў, аздоблены мелодыяй вальса, што неслася над Ушаччынай. Гэты дзень усміхаўся пяшчотна і радасна, блішчаў слязінкамі і абяцаў шчаслівае заўтра, у якім сённяшнія хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо не школьнікі, а самастойныя людзі. У добры шлях, выпускнікі!

К.КАВАЛЕЎСКАЯ, Д.РАМАНОЎСКІ.

←Ученые посоветовали, как часто менять кухонное полотенце

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика