Світанкі новага жыцця пад гукі вечна маладога вальса… (рэпартаж з выпускнога вечара ў Іёдскай школе)
Няўмольны рух жыцця і хуткаплынны.
Вось і для вас прыйшоў расстання час.
Хвалюючыя ціхія хвіліны
Яшчэ ўспамінам вернуцца не раз.
У Іёдскай дзіцячы сад—сярэдняй школе, як і ў тысячах школ рэспублікі, 9 чэрвеня адбылася падзея, якую з хваляваннем чакалі сёлетнія адзінаццацікласнікі — выпускны баль. Напэўна, няма ў жыцці больш хвалюючага моманту, чым той, калі ў апошні раз заходзіш у дзверы роднай школы яе вучнем, а пакідаеш на ранішнім світальным золку — дарослым, самастойным чалавекам.
Дырэктар навучальнай установы Раіса Пятроўна Лагунёнак, якая вітала прысутных гасцей у пачатку ўрачыстасці, адзначыла, што ўвесь педагагічны калектыў школы з вялікім хваляваннем у душы развітваецца з выпускнікамі 2018 года. Поўныя дабрыні і шчырасці словы гучалі з яе вуснаў для адзінаццацікласнікаў і іх бацькоў. Затым Раіса Пятроўна ўручыла атэстаты сталасці юнакам і дзяўчатам — дакумент, які дае пуцёўку ў іх самастойнае жыццё.
На свяце прысутнічаў старшыня Шаркаўшчынскага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Міхайлавіч Ламака.
- Паважаныя выпускнікі, вы сёння робіце першы крок у дарослае жыццё, — сказаў кіраўнік раёна. — Цяпер перад вамі адкрыты шляхі, па якіх вы будзеце самастойна крочыць, дабівацца поспехаў і намечаных планаў. Жадаю, каб кожны з вас не збочыў са сваёй жыццёвай дарогі, а заўсёды ўпэўненым крокам ішоў да дасягнення пастаўленых мэт.
Дзмітрый Міхайлавіч у якасці падарунка ўручыў для патрэб навучальнай установы сертыфікат на набыццё электрычнага воданагравальніка. З заканчэннем школы павіншавала адзінаццацікласнікаў і метадыст Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Марына Вітальеўна Лугаўцова. Яна была вельмі ўражана, што на свяце прысутнічае вялікае мноства людзей — родных, знаёмых, сяброў сённяшніх выпускнікоў. Асабліва яе кранула шчырасць, з якой кожны з прысутных віншаваў юнакоў і дзяўчат з заканчэннем школы.
— Кожны сённяшні выпускнік узбагаціў маю душу, — узрушана сказала ў час урачыстасці класны кіраўнік Алена Міхайлаўна Тарасевіч. — Гэтыя дзеці такія розныя, але змаглі зразумець сябе, адзін аднаго, пасябравалі, назаўсёды звязалі свой лёс адным важным, каштоўным словам — аднакласнікі.
У сваю чаргу выпускнікі аддзячылі за гады вучобы, за атрыманыя грунтоўныя веды ўсіх сваіх настаўнікаў, з кім прайшлі адзінаццаць год навучання ў сценах роднай школы.
Пад урачыстую музыку ўсе мелі магчымасць прагледзець на экране самыя цікавыя і запамінальныя моманты школьнага жыцця цяперашніх выпускнікоў — з першага ў іх жыцці школьнага званка і да апошняга.
Адным з самых кранальных момантаў выпускнога балю стаў вальс, пад чароўныя гукі якога павольна закружыліся разам бацькі са сваімі дзецьмі-выпускнікамі.
Безумоўна, кожны з іх, узяўшы ў рукі компас жыцця, выбера ўласную дарогу. У любой прафесіі галоўнае — годна несці па жыцці ўсё, чаму навучыла школа, не згубіць дабрыню, спагаду і сардэчнасць, якую ўклалі ў сваіх вучняў настаўнікі.
Сяргей РАЙЧОНАК.