Каму, як не медыкам, разумець гэта?
Раісу Віктараўну Кабяк ведаюць многія пастаўчане. З дня адкрыцця ў цэнтральнай раённай бальніцы аддзялення рэанімацыі (а было гэта ў сакавіку 1989-га) і да выхаду на пенсію ў 2003-ым яна працавала ў ім старшай медсястрой. А агульны стаж у медыцыне складае 39 гадоў. Ёсць у біяграфіі жанчыны і такі немалаважны факт — яна з’яўляецца Ганаровым донарам Рэспублікі Беларусь, пра што напярэдадні Міжнароднага дня донара мы і пагаварылі.
“Упершыню я здала кроў, калі была яшчэ студэнткай медвучылішча і праходзіла практыку ў Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, — успамінала Раіса Віктараўна. — Зрабіць гэта нас папрасіла намеснік галоўнага ўрача Вольга Аляксандраўна Анякіна. Адважыліся толькі я і мая сяброўка Ніна Вайцяхоўская, з якой падтрымліваем сувязі да гэтага часу”.
Аддзялення забору і пералівання крыві на той час у Паставах не было. Для пацыентаў, якім рабіліся планавыя аперацыі, яе прывозілі з Полацка, у экстранных выпадках шукалі донараў на месцы. А ад каго, як не ад саміх медыкаў, можна было як найхутчэй узяць кроў, каб выратаваць жыццё чалавеку, што аказаўся ў смяротнай небяспецы? Раіса здавала кроў і ў такіх выпадках, і планава, па некалькі разоў на год то па 250, то па 375 грамаў. Усяго на яе рахунку 43 кроваздачы. Ніякай платы за гэта не было, толькі давалі адзін дзень адгулу. Праўда, Ганаровыя донары Рэспублікі Беларусь атрымлівалі 10-працэнтную надбаўку да пенсіі, мае яе і Раіса Віктараўна.
Але хіба аб матэрыяльным думалі тыя, хто дзяліўся сваёй крывёю? Працуючы ў бальніцы, Раіса Віктараўна шматразова бачыла, як донарская кроў дапамагала медыкам у выратаванні жыццяў ці вяртанні здароўя. І радавалася, што і яе другая група цячэ ў жылах былых пацыентаў.
Ужо шмат гадоў жанчына на пенсіі. Займаецца хатнімі і агароднымі справамі, любімымі кветкамі, чытае кнігі і перыёдыку, глядзіць тэлевізар, песціць унукаў, якія наведваюцца ў госці або праводзяць у бабулі школьныя канікулы. І не забывае медыцыну. Па просьбе суседзяў або знаёмых зробіць укол, паставіць кропельніцу, параіць добры народны сродак. А яе памятаюць цяперашняя адміністрацыя бальніцы і калектыў аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі — віншуюць са святамі, запрашаюць на ўрачыстасці. Звоняць таварышкі, разам з якімі працавалі. Успамінаюць мінулае, гавораць пра свае сённяшнія клопаты, абавязкова цікавяцца, як зараз ідуць справы ў бальніцы. Былых медыкаў не бывае. Яны застаюцца імі назаўсёды.
Тэкст і фота Фаіны Касаткінай