Беларускія весляры заваявалі медалі на чэмпіянаце Еўропы
З 8 па 10 чэрвеня ў сталіцы Сербіі Белградзе адбыўся чэмпіянат Еўропы па веславанні на байдарках і каноэ, у якім прымала ўдзел і зборная Беларусі.
У чарговы раз беларускія весляры пацвердзілі свой высокі клас, заваяваўшы на гэтых спаборніцтвах тры залатыя, пяць срэбных і бронзавы медалі.
Золата ў капілку зборнай прынесла Алена Наздрова, якая выйграла фінальны заезд каноэ-адзіночак на 500 метраў, мужчынскі экіпаж байдарак-чацвёрак: Кірыл Нікіцін, Віталь Бялько, Ілья Федарэнка і Раман Петрушэнка на дыстанцыі 1000 метраў, канаістка Вольга Клімава на дыстанцыі 5000 метраў.
Жаночая чацвёрка ў складзе Аліны Світа, Вольгі Худзенка і нашых зямлячак Надзеі Ляпешка і Марыны Літвінчук была другой на дыстанцыі 500 метраў.
Срэбра ўзяла таксама Вольга Худзенка ў байдарцы-адзіночцы ў заездзе на 500 метраў, экіпаж каноэ-двойкі Глеб Саладуха і Дзяніс Махлай (200 метраў), Надзея Макарчанка і Вольга Клімава (500 метраў), Алена Наздрова і Каміла Бобр (200 метраў). Канаіст Арцём Козыр быў трэцім на 200-метровай дыстанцыі каноэ-адзіночак.
Віншуем нашых спартсменаў з чарговымі ўзнагародамі!
П. ВАЛОДЗІН.
Фота https://canoe-europe.org.