Аператыўны канал: інфармацыя Смаргонскага раённага аддзела Следчага камітэта
Да гэтага злачынства могуць мець дачыненне цыганы, якіх напярэдадні бачылі каля гэтага дома. Яны прасілі ў гаспадыні, каб дала папіць вады. Жанчына не пусціла няпрошаных гасцей у памяшканне, але пасля таго, як яны пакінулі падворак, прапалі грошы, якія ляжалі ў шафе.
Не выключана, што пакуль адны цыганы гутарылі з гаспадыняй сядзібы, іншыя ў гэты момант непрыкметна зайшлі ў дом.
* * *
У аддзяленні Беларусбанка, якое знаходзіцца па вул. Юбілейнай, жыхар нашага горада прад’явіў для абмену купюру вартасцю 100 долараў ЗША з прыкметамі падробкі.
Па месцы жыхарства гэтага мужчыны была знойдзена яшчэ адна фальшывая “сотка”. Ён патлумачыў, што долары атрымаў у абменным пункце, калі знаходзіўся ў Польшчы.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў правяраюць гэту інфармацыю.
* * *
Трое жыхароў нашага раёна і адзін - Маладзечанскага неаднаразова наведваліся на дваровую тэрыторыю ў вёсцы Шыманэлі і ўкралі адтуль 16 фрагментаў металічных трубаў рознага дыяметру, металічны вугалок, швелер.
Пацярпеламу быў прычынены матэрыяльны ўрон на агульную суму больш за 365 рублёў.
* * *
З бардачка незамкнёнага аўтамабіля, які належыць пенсіянеру-гараджаніну, нехта ўкраў 33 долары ЗША і 10 рублёў.
Мужчына прыехаў парыбачыць на азярцо, што знаходзіцца за бальніцай, пайшоў з вудай у пошуках прыдатнага месца, а калі праз нейкі час вярнуўся да свайго аўтамабіля, то неўзабаве згледзеў прапажу грошай.
* * *
Ноччу на аўтадарозе Смаргонь - Крэва, паблізу Кунавы, вадзіцель не справіўся з кіраваннем аўтамабіля “Аўдзі”, які належыць іншаму чалавеку, іншамарка перакулілася, пасажыры атрымалі траўмы. Адзін з іх – цяжкія.
Узбуджана крымінальная справа.
* * *
Пабіўшы шыбу, злачынца залез у дом, які знаходзіцца па вул. Камінскага. Прыхапіўшы з сабою ноўтбук і зараднае прыстасаванне, аматар чужога дабра знік у невядомым напрамку.
* * *
Індывідуальны прадпрымальнік з Нароўлі заключыў дагавор з агрэгатным заводам на рэалізацыю прадукцыі гэтага прадпрыемства. Пасля продажу міні-трактароў і мотаблокаў збытчык прысвоіў чужыя грошы і выкарыстоўваў іх у асабістых мэтах.
Цяпер аматара пажыць на шырокую нагу чакае лава падсудных.
Інфармацыю раённага аддзела Следчага камітэта падрыхтаваў да друку Юрый ЯНУШКЕВІЧ.