Мацi. Майстар. Чалавек
Яны жывуць побач з намі – цікавыя людзі. Не проста людзі, а працавітыя майстры. Мне вельмі хочацца расказаць пра нашу руплівую, добразычлівую, гасцінную Веру Леанідаўну Сілівончык.
Нарадзілася яна далёка ад Беларусі – у сяле Вялікі Талкай Похвістнеўскага раёна Самарскай вобласці ў шматдзетнай сям’і. Бацька – кадравы вайсковец Львоў Леанід Іванавіч працаваў настаўнікам, маці Аляксандра Андрэеўна — бібліятэкарам. У 1963 годзе яны пераехалі ў вёску Пратасы, так як маці была адсюль родам. Іх сям’я заўсёды была дружная і працавітая.
Верачка, як і ўсе дзяўчынкі, з маленства любіла гуляць у лялькі, шыла ім адзенне. Усяму гэтаму вучылася ў сваёй матулі і ў старэйшых сясцёр. Адна з іх – Надзея вельмі добра шыла і цяпер займаецца гэтым. Старэйшыя вышывалі і яе навучылі гэтаму майстэрству. Пад дзіцячай рукой атрымліваліся прыгожыя ўзоры.
Дзеці выраслі, разляцеліся з бацькоўскай хаты і амаль усе жывуць у сталіцы. Адна малодшая Вера засталася пры бацьках. Скончыла школу, выйшла замуж за вясковага хлопца Міхаіла Сілівончыка. Паспрабавалі і яны адарвацца ад роднага гнязда, але любоў да сваіх каранёў аказалася мацнейшай: не змаглі яны жыць у горадзе, вярнуліся дадому. Там і нарадзіліся ў іх сям’і двое хлопчыкаў. Вера Леанідаўна стала працаваць у сельскім клубе, а Міхаіл Іванавіч шчыраваў шафёрам у калгасе. Выраслі іх дзеці, пакінулі родную вёску. Яны таксама выбралі сталіцу.
Захварэла аднойчы маці Веры Леанідаўны, дык усе па чарзе прыходзілі да яе ў бальніцу, то дзеці, то ўнукі. Аляксандра Андрэеўна была занадта ласкавая, ветлівая. І жанчыны з палаты аднойчы сказалі: “Вы, мабыць, першай у чарзе стаялі, калі шчасце дзецям раздавалі!”
На самой справе сем’і Львовых і Сілівончыкаў вельмі дружныя. Але не толькі сем’і, але і калектыў “ Купалінка” пад началам Веры Леанідаўны быў заўжды з’яднаны. Калі ансамблю спатрэбіліся народныя касцюмы для ўдзелу ў першай “Берагіні”, Вера Леанідаўна з дапамогай сястры Надзеі раскроіла і пашыла спадніцы і кофты. А жанчыны-удзельніцы кожная на свой густ вышывалі іх. Адзенне атрымалася прыгожае, жыццярадаснае, яркае. Вось тут і спатрэбіўся навык з дзяцінства – вышыванне. Вялікая заслуга ў вырабу касцюмаў менавіта Веры Леанідаўны. Калі ўдзельнікі калектыву апрануліся ў новыя касцюмы, то немапгчыма было адвесці погляд. Вышыўка ізноў захапіла Веру Леанідаўну, і яна атрымала вялікую асалоду ад выніку сваей працы.
Калі ў Веры Сілівончык нарадзілася першая ўнучка Віялета, то бабуля зрабіла для яе ляльку і апранула ў народнае ўбранне, вышыла сарочку і фартушок. Паглядзеўшы на гэту прыгажуню, ёй хацелася рабіць яшчэ і яшчэ. Першых “мясцовых Барбі” у калекцыі Веры Леанідаўны ўжо няма – іх падаравалі сталічным гасцям. Сёння ж лялек болей дзесятка, кожная з іх лепей папярэдняй. Тут і сялянскія хлопчык і дзяўчынка, тут і вясельны картэж: нявеста, жаніх, маці з бацькам, дружкі і шаферкі. Калі ладзім у клубнай установе выставу лялек Веры Леанідаўны, то заўсёды на ёй прысутнічаюць і ручнікі яе работы: гэты – вясельны, той – на абразы, каравайны, уціральнік. Цудоўныя карціны атрымліваюцца ў яе руках, вышытыя крыжыкам. Гэта Маці Божая, снегіры, зімовы эцюд і шмат іншых.
Яшчэ адно захапленне характарызуе Веру Леанідаўну як добразычлівага і шчырага чалавека. Яна вяжа прыгожыя, цёплыя шкарпэткі на розны колер і густ і дорыць іх знаёмым і незнаёмым людзям. Ні адзін раз ладзіў выставы вырабаў Веры Леанідаўны раённы дом рамёстваў.
В. Л. Сілівончык адпрацавала на ніве культуры 30 гадоў, зараз на заслужаным адпачынку. Але і цяпер перажывае за клубныя справы роднай вёскі, з’яўляючыся актыўным удзельнікам фальклорнага калектыву “Купалінка”. Па жыцці Вера Леанідаўна заўсёды прытрымліваецца сваіх жа слоў “Як рабіць, дык рабіць да перамогі”. Юбілейную ”Берагіню” наш калектыў хоча сустрэць з новымі галаўнымі ўборамі. Iдэю падала якраз Вера Леанідаўна. Гэты праект падыходзіць ужо да завяршэння.
Талент вышывання не закончыўся на Веры Леанідаўне, яго працягваюць пляменніцы Аксана, Ганначка, Наталля і ўнучка Віялета. З такой пераемнасцю народнае майстэрства – вышыўка — ніколі не згіне.
Святлана Катлярова, дырэктар ДУК “Пратасаўскі сельскі дом народнай творчасці”.