5 июня свой профессиональный праздник отмечают экологи

Источник материала:  
06.06.2018 — Разное

Адсутнасць буйных прамысловых вытворчасцей надае нашаму раёну статус чыстага, але ж гэта зусім не значыць, што на Ушаччыне няма экалагічных праблем. Сапраўдным бедствам стала распаўсюджванне баршчэўніку Сасноўскага, па забруджанасці якім мы займаем першае месца ў рэспубліцы. Размяшчэнне ферм у водаахоўных зонах, нездавальняючы стан ачышчальных збудаванняў у сельскіх населеных пунктах, не заўсёды сумленныя адносіны арандатараў азёр да сваіх абавязкаў – усё гэта ўплывае на стан вадаёмаў, колькасць якіх з’яўляецца прадметам нашага гонару. Несанкцыянаваныя сметнікі, неахайныя вытворчыя тэрыторыі і прыватныя падворкі, браканьерства… Як бачна, спраў у нашых эколагаў хапае.

На Ушаччыне дзень 5 чэрвеня лічаць прафесіянальным святам начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Аляксандравіч Шук і галоўны спецыяліст Ніна Васільеўна Крахотка. Гэты плённы тандэм не шкадуе сіл і часу на тое, каб у нашых мясцінах выконваліся ўсе нормы прыродаахоўнага заканадаўства, рупліва выкарыстоўваліся прыродныя багацці. І калі нехта мяркуе, што працаваць у гэтай сферы не надта складана – ён абсалютна далёкі ад ісціны.5 июня свой профессиональный праздник отмечают экологи

Застаць Міхаіла Аляксандравіча ў кабінеце няпроста: службовы аўтамабіль інспекцыі штодня намотвае на свае восі не адзін дзясятак кіламетраў, аб’язджаючы самыя розныя куточкі раёна. І далёка не ўсе ўшачане, убачыўшы на гарызонце сінюю “Ніву” з характэрным надпісам, адчуваюць станоўчыя эмоцыі. Гэта і зразумела, бо для парушальнікаў сустрэча з інспектарам цягне за сабой непрыемныя наступствы.

Сваю прынцыповасць новы начальнік інспекцыі абазначыў з самых першых дзён работы на пасадзе – а было гэта ў чэрвені ­2016-га. І выпісаўшы штрафы за зараснікі баршчэўніку кіраўнікам двух буйных сельгаспрадпрыемстваў, нават пачуў у свой адрас: “Рэзка пачынаеш, хлопец!” Але ж Міхаіл Аляксандравіч мае такое крэда: калі ўзяўся за справу, то варта рабіць яе на сумленне. Такім ён запомніўся і на папярэдняй сваёй пасадзе: пасля заканчэння Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта ўраджэнец Міёршчыны трапіў па размеркаванні ва ўшацкае ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання, дзе адпрацаваў намеснікам па механізацыі 12 год.

Спецыфіку новай для сябе экалагічнай дзейнасці засвоіў даволі хутка, хоць, як прызнаецца, было няпроста зарыентавацца ў прамудрасцях прыродаахоўнага заканадаўства.

Неацэнную падтрымку ў гэтым аказала Ніна Васільеўна Крахотка, якая ў інспекцыі з 2012 года. Гэта надзвычай адказны, акуратны, скрупулёзны і пры гэтым вельмі сціплы, добразычлівы чалавек. Яе дзелавыя якасці ў многім былі сфарміраваны падчас работы ў раённай інспекцыі па падатках і зборах, дзе прайшла асноўная частка працоўнай кар’еры. На плячах Ніны Васільеўны – увесь вялікі вал “папяровай” работы: пратаколы, справаздачы, іншыя дакументы. Ушачане, якія штодня тэлефануюць у інспекцыю, каб паведаміць пра чарговую экалагічную праблему, добра ведаюць яе прыемны голас, уменне ўсё даступна растлумачыць, супакоіць. Даводзіцца галоўнаму спецыялісту і выязджаць у рэйды.

Паколькі немагчыма ацаніць намаганні эколагаў, так скажам, непасрэдна ў захаваных прыродных рэсурсах, характарыстыку іх работы даюць лічбы. За прайшоўшыя 5 месяцаў года раённай інспекцыяй было праведзена 135 маніторынгаў і абследаванняў тэрыторый, падчас якіх выяўлена 100 парушэнняў, 69 з іх ужо ўхілена. Практычна ўсе яны датычыліся навядзення парадку на зямлі. Па фактах парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства складзены 21 пратакол: да адміністрацыйнай адказнасці на агульную суму 3111,5 рублі прыцягнуты пасадныя, юрыдычныя і фізічныя асобы. Прад’яўлены 4 прэтэнзіі за нанесены ўрон навакольнаму асяроддзю на агульную суму 5013 рублёў. Так, напрыклад, прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства, якім было незаконна высечана 14 дрэў пароды дуб, бяроза і сасна, паплацілася за такія дзеянні штрафам у 4410 рублёў. Быў таксама зафіксаваны факт самавольнага карыстання нетрамі: адно з прадпрыемстваў раёна без дазвольных дакументаў здабывала на тэрыторыі гарпасёлка пясок, за што па пастанове суда заплаціла 245 рублёў. Што датычыцца фізічных асоб, то яны атрымлівалі штрафы ў асноўным за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах у пажаранебяспечны перыяд, незаконнае выдаленне драўняна-кустовай расліннасці.

– Ніколі не ставім мэту пакараць парушальніка рублём, выкарыстоўваем такі “аргумент”, толькі калі гэта неабходна, – адзначае М.Шук. – Калі бачым, што прадпрыемства ці грамадзянін шкадуе пра свой учынак, гатовы ўхіліць яго наступствы – прызначаем мінімальную суму. Як зрабілі, напрыклад, у выпадку з жыхаром аднаго з аграгарадкоў, які быў прыцягнуты за забруджанне драўняна-кустовай расліннасці. Атрымаўшы штраф у 4 базавыя велічыні (а артыкул прадугледжвае да 20), мужчына добраахвотна ўбраў мясцовасць, куды вывозіў смецце, і нават яе наваколле.

Зараз у эколагаў раёна вельмі напружаная пара, бо ў разгары кампанія па абмежаванні распаўсюджання баршчэўніку, асабліва інтэнсіўна вядзецца барацьба хімічным спосабам. “Трапіў пад хімічную атаку”, – жартаваў днямі, выціраючы твар пасля вяртання з “гарачых кропак” Міхаіл Аляксандравіч. У гэтыя дні начальнік інспекцыі амаль пастаянна “на перадавой” бітвы з захопнікам зямель, бо ведае літаральна кожны забруджаны ўчастак і асабіста кантралюе ход работ.

– За два гады, што знаходжуся на пасадзе, паспеў усвядоміць усю важнасць справы, якой займаюся, – прызнаецца М.Шук. – Варта адзначыць, што экалагічная справа на Ушаччыне заўсёды знаходзілася ў руках надзейных і адказных спецыялістаў. Хочацца прыгадаць прозвішчы тых калег, якіх, на жаль, ужо няма з намі: Васіля Фаміча Караленкі, пад кіраўніцтвам якога ў свой час фарміравалася прыродаахоўная служба, Аляксандра Сяргеевіча Дразда. Карыстаючыся выпадкам, шчыра віншую з прафесійным святам ветэранаў нашай службы Васіля Рыгоравіча Кісяля, Івана Мікалаевіча Падгола, Тамару Пятроўну Обух. Ну а ўсім нашым землякам хачу ў чарговы раз нагадаць, што мы з вамі маем агульную задачу – захаваць Ушаччыну чыстай і прыгожай для нашых дзяцей і ўнукаў. Давайце ж будзем у гэтай справе аднадумцамі, а не супрацьборнікамі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

←Генсек НАТО поставил Италию на место: О пересмотре антироссийских санкций не может быть и речи

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика