5 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя

Источник материала:  
05.06.2018 — Разное
5 чэрвеня адзначаецца Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя

Начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя І. І. Міхалёнак і галоўны спецыяліст П. І. Усцінаў

Пра асноўныя экалагічныя праблемы, уласцівыя нашаму рэгіёну, і шляхах іх вырашэння карэспандэнт раённай газеты пагутарыла з начальнікам Шаркаўшчынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іванам Іванавічам Міхалёнкам.

— Сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя. Маштабнасць  такой  назвы, на ваш погляд, апраўдана? Які асноўны сэнс гэтага дня?

— Маштабнасць, безумоўна, апраўдана. Значэнне гэтага дня з кожным годам толькі ўзрастае, бо праблемы экалагічнай бяспекі ўсё вастрэй паўстаюць перад грамадствам. Час паказвае, што бяздумнае спажыванне прыродных рэсурсаў прыводзіць да каласальнага ўрону. Дзень аховы навакольнага асяроддзя — падстава задумацца пра тое, як мы жывём і што можам зрабіць для захавання прыродных экасістэм і ландшафтаў. Бо ўсе мы жадаем, каб нашы дзеці і ўнукі дыхалі толькі чыстым паветрам і атрымлівалі задавальненне ад прыгажосці прыроды вакол нас.

— Што сёння ў большай ступені непакоіць эколагаў Рэспублікі Беларусь? Якія пытанні аховы навакольнага асяроддзя з’яўляюцца актуальнымі непасрэдна для Шаркаўшчынскага раёна?

— У ліку першачарговых праблем эколагаў — утылізацыя адыходаў і прыцягненне іх да вытворчасці ў якасці другасных рэсурсаў. У цэнтры ўвагі інспекцыі — нагляд за рацыянальным выкарыстаннем прыродных і водных рэсурсаў, ахова жывёльнага і расліннага свету. Важная задача — абарона асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторый. На землях Шаркаўшчынскага раёна размешчаны 3 заказнікі рэспубліканскага значэння. Гэта ландшафтны заказнік “Ельня” і водна-балотныя заказнікі — “Жада” і “Янка”. У нашым невялікім рэгіёне выяўлены 7 відаў дзікіх жывёл і птушак, занесеных у Чырвоную кнігу. Сярод іх — малы і вялікі бугаі, арлан-белахвост, гагара чарназобая, чорны бусел, барсук, шэры журавель. На нашых землях захаваліся таксама і 7 відаў дзікарастучых раслін, што знаходзяца пад пагрозай знішчэння (занесены ў Чырвоную кнігу).

— Сярод жыхароў нашага раёна ёсць людзі, неабыякавыя да праблем аховы навакольнага асяроддзя. Назавіце, калі ласка, найбольш  актыўных вашых памочнікаў.

— 7 жыхароў нашага раёна з’яўляюцца грамадскімі эколагамі і маюць адпаведныя пасведчанні. Трое з іх у апошнія гады прызнаны абсалютнымі пераможцамі рэспубліканскага конкурсу “Лепшы грамадскі эколаг Беларусі”. Гэта настаўніцы біялогіі Марына Фёдарава (Германавіцкая СШ) і Аксана Пачэпка (Шаркаўшчынская СШ № 2), фатограф РКБА Валерый Кавалёнак. А ў гэтым годзе перамогу ў абласным этапе адпаведнага конкурсу заваявала настаўніца біялогіі Радзюкоўскай БШ Ніна Талапіла.

І ўвогуле хачу сказаць, — большасць жыхароў Шаркаўшчынскага краю неабыякавыя да экалагічнай сітуацыі і зацікаўлены ў яе стабілізацыі. Варта адзначыць, што значная частка парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства была выяўлена дзякуючы тэлефанаванням людзей, якія не застаюцца ў баку, калі бачаць, што прырода роднага краю пад пагрозай. Пытанні аховы навакольнага асяроддзя павінны быць важнымі для ўсіх. Толькі сумеснымі намаганнямі і ў выпадку адказных адносін можна захаваць прыроду і перадаць яе прыгажосць і багацце ў спадчыну наступным пакаленням. Хачу выказаць словы ўдзячнасці Івану Мікалаевічу Новікаву, Радзівону Васільевічу Махлаеву, Багуславу Пятровічу Паўлоўскаму і ўсім іншым жыхарам нашага раёна, якія не застаюцца ў баку ад вырашэння многіх актуальных экалагічных праблем засяроджваюць на іх увагу і звяртаюцца ў інспекцыю па дапамогу.

— Дзякуй за размову і са святам вас!

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ.

Оставить комментарий

Яндекс.Метрика