На Троіцу ў Амелькаўшчыну
Маё завочнае знаёмства з Амелькаўшчынай і яе жыхарамі адбылося ў 2014 годзе, калі Аляксандр Кузьменка, былы жыхар гэтай вёскі, прынёс у рэдакцыю вершы, напісаныя яго зямлячкамі Марыяй Філончык і Надзеждай Царанок.
Тады і даведалася, што на Троіцу ў Амелькаўшчыне збіраюцца яе былыя жыхары, ды не адны едуць, а цэлымі сем’ямі. Што па ініцыятыве неабыякавых грамадзян, якія і дагэтуль балеюць душой па сваёй малой радзіме, з’явілася на могілках каплічка, кожны год прыязджае сюды і бацюшка. Устанавілі там агароджу. Што для таго, каб сабраць усіх, зрабілі вялікую альтанку. А потым устанавілі і сцэну, дзе час ад часу выступаюць артысты, якіх прывозяць з сабою тыя, хто прыезджае з Гомеля ці Рэчыцы.
У гэтым годзе ў вялікім размаху такіх сустрэч упэўнілася сама. І нарэшце пазнаёмілася са сваімі паэтамі. Асабліва эмацыянальнай выйшла сустрэча з Надзеждай Адамаўнай Царанок. Чатыры гады мы толькі размаўлялі па тэлефоне. Размаўлялі аб усім: і жыцці, і рабоце, і творчасці. Але не бачыліся ні разу. Прыемна было, з якой цеплынёй сустрэлі мяне. Кранальна.
Вяскоўцы сабраліся ў Амелькаўшчыне не толькі на Радуніцу, але і на прастольнае свята вёскі Троіцу ўпершыню ў 2011 годзе, на 25-годдзе сумнай даты – аварыі на ЧАЭС. І за гэтыя 8 гадоў сустрэча ні воднага разу не адмянілася. Нехта прыязджае кожны год, нехта – як атрымліваецца з часам і са справамі. Але многія прызналіся, што адчуваюць нейкую пустату, калі не атрымліваецца прыехаць на сустрэчу з вёскай.
Красавік 1986-га стаў пераломным момантам, падзяліўшым жыццё на «да» і «пасля». У вайну вёска была спалена, аднак аднавілася, адрадзілі яе агульнымі намаганнямі вяскоўцы. А пасля аварыі не змаглі… А такія мясціны там прыгожыя.
Зараз ніхто час сустрэчы не назначае. Едуць самі. Бо ведаюць, сустрэча адбудзецца, як кажуць, пры любым надвор’і. Едуць з-за мяжы (у гэтым годзе з Сірыі прыехала на сваю радзіму былая жыхарка вёскі), з усёй Беларусі.
Сустрэчы, абдымкі, запыты «А ты чыя?», заўвагі «А як жа на бацьку падобны!», шкадаванні аб тых, каго ўжо няма.
Да гэтай сустрэчы Марыя Філончык і Надзежда Царанок напісалі вершы, якія і зачытылі нам, расчуліўшы многіх да слёз. Усе пелі старыя знаёмыя песні пад баян. Дзяліліся дасягненнямі, жыццёвымі планамі. Гулялі па знаёмых мясцінах, дзе не засталося больш хат, а толькі паваленыя сцены дзе-нідзе відаць ды хвоі паўсюль.
І фатаграфаваліся многа. На памяць, каб потым паказаць тым, хто не змог прыехаць. Дарэчы, М. Філончык склала спіс тых, хто па стану здароўя і ўзросту не змог прыехаць у вёску. Вось такім чынам, хоць прозвішчам у спісе, яны змаглі пабываць на сваёй Амелькаўшчыне.
Вольга БЕЛАШ.
Фота аўтара.