Каму ляцець высока?
«Ляцяць высока, глядзяць далёка», – выразным банарам аздобілі гасцявую трыбуну балельшчыкі каманды «Крумкачы». Ды і слоган гэты яны дружна паўтаралі пад рытмічны пошчак барабанаў і зладжаную харэаграфію ўзмахаў рукамі. Усё выглядала даволі прыгожа і прыстойна. Адчувалася, што сапраўды ў гэтага сталічнага футбольнага клуба, які назвалі народным, шмат прыхільнікаў. Падлічым: чатыры футбольныя клубы сёлета прадстаўляюць Мінск у вышэйшай лізе чэмпіянату рэспублікі. У мінулым годзе ў галоўным дывізіёне выступалі і «Крумкачы», але былі выключаны з яго, прытым не па спартыўных паказчыках, а з-за адсутнасці фінансавых гарантый. Другая ліга аматарская, але адсюль «Крумкачы» маюць намер зноў узляцець, што пацвердзіў іх настрой і падчас сустрэчы на стадыёне «Юнацтва».
А што «Нёман-Агра»? Прыхільнікам нёманцаў, якія сонечным цёплым днём зноў запоўнілі трыбуны, было зусім не весела. Здаецца, па актыўнасці руху нашы не ўступалі гасцям. Але ж якая эфектыўнасць дзеянняў? Ужо на 15-й мінуце «Крумкачы» адкрываюць лік, яшчэ праз хвілін дзесяць яго падвойваюць. А да перапынку на табло значылася – 3:0 на карысць мінчан.
Нерэалізаваныя выгадныя моманты былі і ў нёманцаў. Але ж і па колькасці промахаў «Крумкачы», здаецца, мелі перавагу. Дзейнічалі яны знешне проста: дакладны пас ад паўабаронцы на фланг, прастрэл на вароты, і там нападаючы знаходзіць момант нанесці трапны ўдар па варотах. Абаронцы нашы правалілі гульню? Выходзіць, так. Паўабарона таксама трымала нашых нападаючых Дзмітрыя Даўбейку і Аляксандра Палешчука на «галодным пайку». І атрымлівалася: знешняя актыўнасць і ніякая эфектыўнасць.
Добра, што не нулявая. Пры ліку ўжо 5:0 на карысць «Крумкачоў» наш Багдан Дубовік «размачыў» рахунак – 5:1. Услед госці забіваюць яшчэ адзін гол. Пасля фінальнага свістка суддзі на табло значылася – 6:1 на карысць гасцей.
Трэцяе запар паражэнне «Нёмана-Агра». Прытым зноў з буйным лікам. Каманда са Стоўбцаў мае шэсць ачкоў і займае дзясяты радок у турнірнай табліцы розыгрышу першынства Беларусі ў другой лізе. Сёння нашы футбалісты выязджаюць у Асіповічы, дзе сустрэнуцца з мінулагоднімі партнёрамі па першай лізе. ФК «Асіповічы» знаходзіцца на шостым месцы. А лідзіруе па-ранейшаму брэсцкі «Рух», які страціў першае ачко пасля гульні ва Уздзе – 1:1. У брэстчан 16 ачкоў, па 15 – у «Крумкачоў» і «Спадарожніка». Менавіта гэтую футбольную дружыну з Рэчыцы стаўбчане ўбачаць на стадыёне «Юнацтва» 8 чэрвеня. Сапернікі ляцяць ужо даволі высока, але чэмпіянат пакуль бярэ разгон, наладзіць гульню яшчэ не позна.
Ф. БАНДАРОВІЧ