Лучших кормозаготовителей определит соревнование
Для работнікаў сельгасарганізацый раёна пачынаецца важны і адказны час – нарыхтоўка кармоў. Каб заахвоціць працаўнікоў, занятых на касавіцы, упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама сумесна з раённай арганізацыяй прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу прынята рашэнне арганізаваць раённае спаборніцтва сярод механізатараў, у тым ліку сярод моладзі, па своечасовым і якасным правядзенні корманарыхтоўкі.
“У раённым спаборніцтве па нарыхтоўцы кармоў удзельнічаюць як работнікі сельгасарганізацый, так і іх памочнікі з іншых прадпрыемстваў раёна, занятыя на касавіцы, – расказала старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Вольга Пусянкова. – Пераможцамі будуць прызнаны механізатары, у якіх лепшыя паказчыкі на кормаўборачных камбайнах па здрабненні зялёнай масы, на перавозцы, кашэнні травы і прасаванні сена. Па ўсіх відах работ устаноўлена па аднаму прызавому месцу. Пераможцы будуць узнагароджаны падзячнымі лістамі і грашовымі прэміямі. Раённыя пераможцы прымуць удзел у абласных спаборніцтвах”.
Кіраўнікам сельскагаспадарчых арганізацый рэкамендавана сумесна з прафсаюзнымі камітэтамі арганізаваць унутрыгаспадарчыя працоўныя спаборніцтвы сярод механізатараў, занятых на нарыхтоўцы травяністых кармоў, у тым ліку сярод моладзі, і прыняць меры па захаванні нормаў аховы працы і тэхнікі бяспекі пры правядзенні палявых работ.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №42 ад 01.06.2018 г.