Последний звонок прозвучал для выпускников школ Шумилинского района
Сёлета ў школах раёна – 114 выпускнікоў сярэдняй школы, 186 вучняў заканчваюць базавую ступень адукацыі.
Сярод школьных святаў і мерапрыемстваў няма больш радаснага і больш шчымлівага, чым свята апошняга званка. Так, калі большасць вучняў з нецярпеннем і радасцю чакаюць летніх канікулаў, то для выпускнікоў і іх бацькоў радасны настрой дапаўняецца трывожным чаканнем – як пройдуць экзамены, як будзе здадзена тэсціраванне, куды пайсці далей. Не абышлі гэтыя хваляванні і вучняў Обальскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза З. М. Партновай.
Павіншаваць іх з заканчэннем школы прыйшлі бацькі, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, мясцовай улады. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Валянціна Мянькова пажадала выпускнікам удачы і лёгкіх заданняў на экзаменах, уручыла дыпломы і падарункі ад раённай арганізацыі Беларускага фонду міру пераможцам паэтычнага конкурсу. Гучалі традыцыйныя віншаванні і пажаданні поспехаў, шчаслівага жыццёвага шляху, вясёлых канікулаў ад гасцей і настаўнікаў. Вучні шчыра гаварылі словы ўдзячнасці бацькам і педагогам. Але не-не, а дрыжэў і зрываўся голас выпускніц, накатваліся на вочы няпрошаныя слёзы – немагчыма не хвалявацца, калі заканчваецца цэлае жыццё – школьнае, а ты стаіш на парозе вялікага дарослага жыцця, калі трэба выбіраць сваю дарогу ў гэтым жыцці. І так хочацца не памыліцца.
А потым быў вальс са спецэфектамі. І нарэшце, выпускнік школы Уладзіслаў Алімаў і Даша Паўлава, якая закончыла першы клас, бяруць у рукі звон, і над тэрыторыяй школы разносіцца яго гучны голас – апошні школьны званок. У паветра ўзлятаюць шарыкі, уносячы хваляванні выпускнікоў.
Ужо сёння выпускнікі здаюць першы выпускны экзамен. Пажадаем ім поспехаў і здзяйснення іх мар і жаданняў.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №42 ад 01.06.2018 г.