Новаандрэеўка

Источник материала:  
31.05.2018 — Разное

Сярод лесу і балот

Новаандрэеўка — іменна так пазначана гэта вёска ў даведачнай кнізе “Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь”, выдадзенай у 2007 годзе ў Мінску. А знаходзіцца вёска за дванаццаць кіламетраў ад Глуска, пасярод лесу. Колісь да гэтага паселішча падыходзіла непраходнае балота, якое пазней знікла дзякуючы праведзенай асушальнай сістэме. Калі ехаць праз вёску Дасціжэнне, што побач з Глускам, па слаўкавіцкім шляху аж да Клетнага, то ў канцы гэтага населенага пункта, з правага боку ад шляху, стаіць шыльда-паказальнік, што праз чатыры кіламетры адсюль і будзе Новаандрэеўка. Да шляху прымыкае асфальтаваная дарога, праз якія паўкіламетра яна пераходзіць у гравейку і цягнецца, віхляючы праз лес, аж да самай Новаандрэеўкі. У лесе ззяюць вялізныя “дзіркі”, дзе стаяць толькі адны пні ды валяецца голле, такое відовішча нават рэжа вока. “Але ж, калі выразалі лес, які тут рос спраку веку, то павінны ж пасадзіць новы”, — кажуць новаандрэеўцы, а потым  дабаўляюць, уздыхаючы: “Вось толькі калі ён тут вырасце, той новы лес?” На ўскрайку лесу, куды выводзіць дарога, — невялікае распрацаванае поле, якое і аддзяляе вёску ад лесу. Гэтая дарога (жыхары называюць яе “аб’язной”) пераходзіць у вясковую вуліцу і ў самым пачатку аддзяляе некалькі пабудоў ад астатняй вёскі. Тыя пабудовы знаходзяцца воддаль, як бы на хутары альбо ў завулку. Але сяльчане сцвярджаюць, што завулкаў у вёсцы няма, ды і пра хутары ніхто не помніць. Вуліца ў Новаандрэеўцы адна, доўгая, паабапал яе стаяць пабудовы, у асноўным драўляныя, але дзе-нідзе і з цэглы. Гэтая вуліца абодвума сваімі канцамі ўпіраецца ў лес.

Дык вось адзін яе канец, якраз з таго боку, адкуль “аб’язная” дарога ўваходзіць у вёску, мае свой працяг — ён пераходзіць у лясную дарогу і вядзе да ракі Даколькі. Яна працякае метраў мо за трыста ці паўкіламетра ад Новаандрэеўкі. Цераз Дакольку перакінуты мост, пераехаўшы яго, па лясной дарозе можна трапіць на шлях Глуск — Любань. Гэту дарогу вяскоўцы называюць “прамая”, але зараз па ёй мала хто ездзіць, бо “аб’язная” больш дагледжаная, хаця на гравейцы і хапае ям і калдобін. Асабліва гэта адчуваецца ў непагадзь.

Вось якраз у гэтым месцы, пасярод лесу і балот, і заснавалі продкі новаандрэеўцаў сваё паселішча.

Адэля — жонка ліхая

Колісь вёска мела назву Адэль, кажуць жыхары, чулі пра гэта ад сваіх дзядоў. Пазней ужо па-іншаму стала звацца — Андрэеўка, а зараз — Новаандрэеўка. Адэль — гэта жаночае імя, адзін з варыянтаў старажытнага германскага імені Адэла. “Adal” у перакладзе азначае “высакародны”. Імя Адэля было распаўсюджана як у немцаў, так і ў палякаў. Але вось людзі такіх нацыянальнасцей, паводле гістарычных дакументаў, у вёсцы ніколі не жылі.

Наконт назвы вёскі Адэль ёсць паданне. Апавядае яно аб тым, што колісь жыў адзін вясковец па імені Андрэй, сям’ю меў вялікую — дзяцей, можа, шасцёра, а мо і болей. Жонку яго звалі Адэля. Андрэй быў вельмі гаспадарлівы чалавек. Ён ірваўся з апошніх жыл, каб што ў хату ды ў гаспадарку прыдбаць, каб дзеці галодныя ды халодныя не хадзілі, а вось жонка, наадварот, гультайка была немаведама якая. Людзі смяяліся з яе, ушчувалі, а яна і ўвагі не звяртала. Праўда, калі ўжо зусім дапякалі суседзі, то ў адказ неслася: “Пайшлі б вы ўсе адсюль далей, бо надакучылі. Я вас не чапаю, не павучаю, чаго вы да мяне, як тая смала, прыліплі? Каб на вас ужо ліха якое напала!” У жанчын ад тых праклёнаў вочы на лоб лезлі, але і яны ўбаку не заставаліся. Такія сваркі адбываліся часцяком. Людзі сыходзіліся на адным: далей трываць нельга, ні самому Андрэю, ні дзецям, ні аднавяскоўцам. Дзе ж гэта відна, каб гаспадар усё сам рабіў і дома, і ў полі? Ва ўсіх сем’ях гэтым муж з жонкай займаюцца, дзеці дапамагаюць, і ўсё роўна не заўсёды атрымліваецца. А тут гараваў Андрэй адзін, бо дзеці яшчэ, як той гарох, дробненькія былі, і памочнікі з іх, вядома, слабаватыя. Усе жонкі, калі чалавек едзе ў поле працаваць, то і есці да гэтага часу навараць, і з сабой збяруць, яшчэ і самі напрошваюцца на помач. У бедалагі ж Андрэя ўсё было наадварот: не яму жонка есці варыла, а ён, усхапіўшыся на досвітку, хутчэй да печы кідаўся, каб паспець што зварыць, самому перахапіць і дзецям даць, бо на Адэлю не спадзяваўся. Яна ж, як толькі чула, што муж сняданак на стол паставіў, то, нават вочы добра не прадраўшы, адразу на лаву спяшалася і пакрыквала: “Дзе ж гэта мая лыжка?” Дзеці маўчалі, бо ведалі, што калі пададуць голас, то адразу ж атрымаюць ад матулі кухталя. Гаспадар, за лепшым, не чапаў яе таксама, бо ў яго проста не было часу для спрэчкі. І так пазніўся: другія ўжо выязджалі, а ён яшчэ і не запрагаў.

Часам мужчыны дапытваліся ў небаракі, ці доўга ён яшчэ будзе такое трываць. А той, хаваючы вочы, паціскаў плячыма. Мужыкі казалі, што Андрэй дзівак чалавек, што так жыць няможна, што жонку яго на палетках не бачаць, а ён усё сам і сам. Андрэй сумна ўсміхаўся і ціха казаў, маўляў, яно мо і лепей, што Адэля ў поле не ходзіць, хай толькі яна не перашкаджае, што ён і сам усё добра зробіць, бо ўжо прызвычаіўся адзін працаваць, ды вось ужо і двое старэйшых сыноў дапамагаюць. Але мужыкі цяглі сваё, што нельга быць такім рахманым. Але ж Андрэй аднекваўся, маўляў, нічога не можа зрабіць са сваёй жонкай, ну трапілася яна такая яму. Здзіўляліся мужыкі і казалі, што не можа быць, каб Андрэя не прарвала, што да пары той трывае, але ўжо як скончыцца яго цярпенне, то не будзе Адэлі месца ў хаце, а магчыма, і ў вёсцы. І што ж здарылася? Накаркалі вяскоўцы. Правучыў жонку Андрэй, ды не проста правучыў, а на ўсё жыццё такім лайдачкам, як яна, паказаў, да чаго можа гультаяватая жонка сама сябе і нават самага спакойнага мужа давесці. А здарылася вось што. Ехаў аднаго разу Андрэй на кірмаш. Дзеці падарункаў просяць прывезці, і ён ім абяцае, бо адзіная гэта для іх радасць. Прывязу, кажа, родненькія, прывязу. Палову грошай вам на падарункі адпушчу, куплю ўсё, што просіце, бо вы мне добра дапамагаеце… Радуюцца дзеці, зараней бацьку дзякуюць, а Адэля не ўтрымалася і таксама голас падала, каб спадніцу ёй новую купіў, бо старая ўжо знасілася, дзірка на дзірцы… Андрэй адказаў, што ў другіх жонкі і напралі, і наткалі, а ў яго… Махнуў ён рукою і пачаў з двара выязджаць, а жонка наўздагон крычыць, што ўсё роўна будзе так, як яна хоча… Андрэй плюнуў і ціха, праз зубы, прамовіў: “Памыляешся…”

Пад вечар вярнуўся дадому задаволены. Нагандляваў на кірмашы добра, дзецям шмат чаго купіў, сабе — тое-сёе. Ажно насустрач яму бягуць малыя: “Татка, а наша мамка на прызбе голая сядзіць”.

Спачатку не здагадаўся Андрэй, што да чаго, а потым дайшло: гэта ж яна такім чынам хацела сваёй праўды дабіцца. Раз’юшыўся селянін, ухапіў пугу і давай Адэлю лупцаваць. Тая не чакала такога павароту. Спачатку паспрабавала ўцячы, потым давай прасіцца, але той не злітаваўся. Выгнаў жонку за вёску і там пакінуў, наказаўшы дамоў не вяртацца. Дык яна там і жыла, у нейкай зямлянцы, пакуль не перайначылася: стала спраўнай маладзіцай, як і астатнія. А сховішча тое людзі празвалі Адэля. Пазней, як вёска разраслася, то пачалі сяліцца і ў гэтым месцы, а паселішча назвалі Адэль. Так яно было ці не, але ж людзі кажуць.

Нашчадкі дрыгавічоў

У 1990 годзе ў межах Новаандрэеўкі праводзіліся археалагічныя раскопкі курганнага магільніка, які налічваў больш за дзесяць насыпаў. Кіраўнік тых даследаванняў Наталля Мікалаеўна Дубіцкая засведчыла, што магільнікі гэтыя створаны даўно, яшчэ дрыгавічамі. Першыя ж звесткі пра жыццё дрыгавічоў і іх рассяленне змешчаны ў старажытным летапісе, які напісаны каля 1113 года кіеўскім манахам Нестарам. А самы першы запіс аб дрыгавічах датаваны 852 годам.

Рэлігія дрыгавічоў была язычніцкай. Нябожчыкаў, папярэдне спальваючы, хавалі ў курганах. Туды ж клалі розныя рэчы, якія нібыта маглі спатрэбіцца ў замагільным жыцці: упрыгожанні, зброю, прылады працы, хатні ўжытак, нават ежу. Навакольную прыроду — сонца, месяц, камяні, рэкі, азёры, дрэвы і розныя расліны — дрыгавічы лічылі адушаўлёнай. Некаторыя даследчыкі лічаць, што назва народа “дрыгавічы”, верагодна, паходзіць ад слова “дрыгва” — балота. Як правіла, нашы продкі выбіралі месца для пражывання даволі прадумана і ўзважана: улічвалася прыроднае асяроддзе, наяўнасць рэк і азёр, захаванасць месца ад чужых вачэй, ворагаў…

Адэлія? Адалень-трава?

Як колісь успаміналі старыя людзі, магчыма, назва Адэль пайшла ад расліны, якая называлася “адэля”, але што гэта за расліна, яны не ведалі, чулі толькі “ад сваіх”, што была яна лекавая, “ёю багата чаго лячылі”. У вёсцы і сапраўды людзі лячыліся не толькі замовамі ды шэптамі, але і з дапамогай лекавых траў. Паколькі паселішча знаходзілася сярод балот, то выпарэнні з іх рабілі паветра сырым і вільготным. Нярэдка, асабліва вясною і восенню, людзі хварэлі на ліхаманку, а яшчэ на хваробу, якая па-мясцоваму называлася “каўтун”. Для лячэння каўтуна бралі расліну барвенак, рабілі на гарэлцы моцную настойку і ёю лячылі хворую галаву. Ад гэтай хваробы добра яшчэ дапамагаў адвар малачайніку, альбо агароднага асоту. Лічылася, што купанне ў адвары малачайніку не толькі вылечвае пярэпалах, але спрыяе росту дзіцяці, зніжае перхаць на галаве. Дык вось, паводле слоўніка старажытных слоў, “адэлія” — гэта і ёсць малачайнік, болей таго, азначае цэлае сямейства малачайнікавых раслін.

Акрамя адэліі, была ў гэтым кутку і трава адалень, якая расла ўздоўж берагоў на балацінах і азярынах. Кветкі ў яе былі і жоўтага, і белага колеру, а бывала, і рабаватыя. Па-мясцоваму яна звалася “гарлачыкі”, “журавельчыкі”, “буслікі”. Густы адвар з адалень-травы таксама прымянялі для лячэння пярэпалаху — купалі ў гэтым адвары дзяцей.

Рака Даколька, што працякае побач з вёскай,  калісьці была такой паўнаводнай, што па ёй нават ганялі плыты да Пцічы, дык па вясне яна разлівалася, а калі ўваходзіла ў берагі, заставаліся азярыны, на якіх красаваліся прыгожыя кветкі. Бывала, што рака затапляла і навакольныя балоты. Разводдзе несла пясок і глей, разам з рэшткамі згніўшых раслін, дрэў, лазы ўтвараючы пласт зямлі, якая з цягам часу ператваралася ў торф, якога ў ваколіцах Новаандрэеўкі хапае.

Адэльсдорф — Андрэеўка Новая

У “Інвентарным перапісу маёнтка Машніцы… за 1844—1847 гг.” пішацца, што ў склад “маёмасці А. Быкоўскага” ўваходзяць “деревни Клетно…, адельсдорфъ…, Байлюки…”. Па ўсёй верагоднасці, вёска Адэльсдорф — гэта тая ж самая вёска, якую ў народзе звалі Адэль. Казаць “Адэль” было лягчэй, чым назву поўнасцю. Другая частка назвы вёскі Адэльсдорфъ таксама мае сувязь з прыродай. Слова “сдор” азначае “здзіраць” — кару, бяросту, лыка… У аснове слова “сдор” ляжыць — “дор”, “дзёр”, якое самастойна азначае “расчистка”, “распал”, “новое селение на дору”. Вось калі гэтыя два словы спалучыць, то і атрымліваецца “Адэльсдорфъ” — паселішча, якое ўзнікла ў гушчары лесу, на расчышчаным месцы, непадалёк ад ракі Даколькі, дзе расло шмат прыгожых кветак, лекавых раслін, сярод якіх і малачайнік, і буслікі; паселішча, да якога было цяжка дабрацца з-за непраходных балот; паселішча, якое заснавалі продкі новаандрэеўцаў і далі яму такую незвычайную, загадкавую для будучых пакаленняў назву. Назву-таямніцу, назву, якая ў розных гістарычных дакументах пісалася па-рознаму. На спецыяльнай карце еўрапейскай Расіі 1868 года гэта паселішча пазначана як “Адэльждорфъ”; у “Спіску месц Глускай воласці”, 1870 год, — “деревня Адельсдорф”, пісалася паселішча яшчэ і “Аджельсдорфъ”. Чаму так? Ці то памылка, ці то яшчэ чаму? Пакуль невядома.

У некаторых сучасных гістарычных кнігах прыведзены звесткі, што вёска Новаандрэеўка (да 1964 года — Адэль) стала вядома з 1838 года як вёска Андрэеўка Бабруйскага павета, у якой 43 рэвізскія душы, уласнасць памешчыка. “Інвентарны перапіс маёнтка Машніцы… за 1844—1847 гг.” сведчыць, што ў склад маёнтка ўваходзілі “деревни Клетно…, адельсдорфъ — 16 крестьянских тягловых дворов заключающихся…, Байлюки…”. Назва Адельсдорфъ напісана чамусьці з малой літары. Да 1844 года вёска належала памешчыку Маліноўскаму. Новаму гаспадару, двараніну Адаму Ігнатавічу Быкоўскаму, перайшла ў складзе маёнтка Машніцы “по купчей крепости… память совершенной Феофила Малиновского”.

Вёска з назвай Андрэеўка ў той час і сапраўды была ў Бабруйскім павеце, вось толькі ўваходзіла яна ў склад Рудабельскай воласці, і зямля там належала братам Савіцкім, Сцяпану і Фабіяну Феліксавічам.

Што датычыцца вёскі Адельсдорфъ, у “Інвентарным перапісу…” значыцца 16 сямей, прычым усе сямейнікі перапісаны падрабязна, а іменна пісалася так: “Панкрат Радкевич; Майсей Сушко, жена его Матруна, швагер Майсея Кондрат; Леонъ Сапега, жена его Наталья, теща яго Варка…” Пералічвалася і гаспадарка, якую трымала сям’я:  “Катруся, племянники ее Иван, Змитра… волов — 3, бычки — 2, коровы — 3, телята — 3, овцы — 6, свиней — 2”. У кожнага селяніна налічвалася па 15 дзесяцін зямлі “беспашенной, и по 5 десятин на триполя, и по 3 десятины сенокоса”. На сваёй зямлі вяскоўцы сеялі авёс, ячмень, грэчку, каноплі, азімае жыта, якое тады звалася “азімы хлеб”, бульбу, а яшчэ гарох, проса і чачавіцу. Садзілі моркву, капусту, тытунь, боб… Калі што добра ўрадзіла альбо выгадавалі якую птушку ці жывёлу, то лішкі прадавалі “поблизости крепости, таколе местечка Глуск, весьма удобно”. Прадавалі сяляне і высушаныя скуры жывёл, і сыр, і масла, і лён, і розную гародніну ды садавіну.

Працяг будзе

Іна КІРЫНА

←Беларусь не собирается втягиваться в гонку вооружений, но будет тратить столько, сколько нужно – Лукашенко

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика