Нібыта да бабулі ў вёску з’ездзілі!
Дзеці, як ніхто іншы, умеюць тонка адчуваць людзей, іх сапраўдныя эмоцыі і настрой. А тыя, якія маюць праблемы ў развіцці, робяць гэта з асаблівай сілай. Любая падтрымка, любая праява дабрыні ды проста ўсмешка для іх сапраўдны падарунак. І вельмі радасна, што сярод нас ёсць людзі, гатовыя шчыра, бескарысліва дарыць такім дзеткам новыя ўражанні і пачуцці.
Пераглядваю здымкі, якія выпадкова трапіліся ў адной з папулярных у інтэрнэце сацыяльных сетак. На іх — хлопчыкі і дзяўчынкі з Пастаўскага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, іх бацькі. 15 мая, у Дзень сям’і, яны наведаліся з экскурсіяй у вядомую ў раёне і далёка за яго межамі сядзібу «Акарына» ў Навасёлках.
«Дэкарацыі» на фатаграфіях маляўнічыя і каларытныя — вось утульны зялёны дворык, вось ганчарнае кола, за якім працуе майстар Сяргей Шчэрба. Здзіўленыя і захопленыя погляды гасцей гавораць самі за сябе. Гаспадары сядзібы за зусім непрацяглы час змаглі пакарыць іх сваёй гасціннасцю, адкрытасцю і ўнікальнай справай, якой займаюцца.
Для шасці дзяцей і іх бацькоў паездка была бясплатнай. Яе галоўным арганізатарам выступіла пастаўчанка Наталля Федаровіч.
Наталля Вітальеўна — чалавек ініцыятыўны і дзейсны. Больш за год яна кіруе праектам «Ствараем гісторыю разам» у СШ №4. Ён прысвечаны гісторыі 32-й ракетнай дывізіі, гісторыі школы і пагранічнай службы ў Паставах і ўключае ў сябе шмат мерапрыемстваў. Пры правядзенні большасці з іх па спонсарскую дапамогу Н. Федаровіч звяртаецца ў турыстычную кампанію «Джуманджы». Яе дырэктар Віталій Улыбін заўсёды падтрымлівае гэты праект. Як і любую іншую ініцыятыву, «зараджаную» на дабрыню і міласэрнасць.
— У якасці спонсара ўжо больш за 10 гадоў сябрую з Сацыяльна-педагагічным цэнтрам, каля двух гадоў — з карэкцыйным, — патлумачыла Наталля Федаровіч. — Да дабрачыннасці далучылася і сяброўка — індывідуальны прадпрымальнік, уладальніца магазіна «Солнышко» ў мікрараёне пятага гарадка Алена Свірыдава. Разам ладзім для дзетак акцыі, праводзім мерапрыемствы. Аднак часам сутыкаемся з праблемамі, якія самастойна вырашыць не можам. На гэты раз узнікла пытанне з транспартам — дзеці з рознымі дыягназамі, у тым ліку і складанымі, таму ў дарозе ім патрэбны павышаны камфорт. Тут нам і дапамагла кампанія «Джуманджы». Я вельмі ўдзячная Віталію Улыбіну, а таксама менеджару Анастасіі Макаед, якія дапамаглі ўвасобіць нашы планы ў жыццё.
Падчас экскурсіі групу суправаджала педагог-дэфектолаг карэкцыйнага цэнтра Жанна Рамбальская. Як аказалася, ніхто з прысутных у сядзібе раней не быў, таму яна ўразіла ўдвайне. Спачатку гасцей чакала «прэзентацыя» гліняных вырабаў, якіх у міні-музеі Сяргеі Шчэрбы не злічыць. А потым — найцікавейшы майстар-клас, падчас якога бясформенны кавалак гліны ператварыўся ў «элегантны» збанок. Некаторыя вырабы паспрабавалі зрабіць і самі госці. Салодкі сюрпрыз падрыхтавала гаспадыня сядзібы Людміла Шчэрба: частавала ўсіх блінамі з чаем. Застаўся час і проста пагуляць па тэрыторыі сядзібы — чысцюткае паветра толькі на карысць!
Сярод удзельнікаў экскурсіі была і пастаўчанка Ганна Сініца. Яе сыну Уладзіславу 11 гадоў, ён займаецца ў чацвёртым класе карэкцыйнага цэнтра. Маці пяшчотна называе Уладзіка асаблівым сярод асаблівых, сваёй зорачкай — так любіць хлопчык выступаць на ранішніках, чытаць вершы, спяваць. Але, на жаль, за межамі цэнтра ў яго амаль няма сяброў.
— Як любіць Уладзік людзей! Ды і ў такую паездку мы ехалі ўпершыню, таму яна стала для нас сапраўдным адкрыццём, — дзялілася ўражаннямі Ганна Рамуальдаўна. — Я бачыла, колькі радасці і захаплення было ў вачах сына. Асабіста ў мяне пасля паездкі такая раўнавага ў душы пасялілася, такая гармонія! Нібыта да роднай бабулі ў вёску з’ездзілі! Так шчыра ўсё атрымалася!
Супрацоўніцтва Наталлі Федаровіч і Віталія Улыбіна абавязкова будзе працягвацца. Кіраўнік «Джуманджы» прызнаўся, што ў бліжэйшай будучыні кампанія плануе не толькі ўдзельнічаць у дабрачынных мерапрыемствах, але і арганізоўваць свае. Якія — пакуль не афішыруе. Але ўпэўненая, што ў любым выпадку яны падораць не менш шчырых дзіцячых эмоцый, чым гэта.
Іна МІКУС