«Прыгожа» жыць не забароніш… Роздум напярэдадні выпускнога балю

Источник материала:  
29.05.2018 15:08 — Разное

У выпускнікоў – адказны перыяд: здача экзаменаў, а потым – выпускныя балі. З кожным годам яны становяцца ўсё больш пышнымі і раскошнымі і па сваім размаху хутчэй нагадваюць багатае вяселле, чым сціплае мерапрыемства па ўручэнні атэстатаў сталасці. Ну і добра?.. Вось не ведаю… На мой розум, дык нічога добрага. «Тон» і фінансавую планку маючым адбыцца выпускным вечарам задаюць бацькі, прычым у першую чаргу тыя, хто не надта абмежаваны ў сродках. А вось для сем’яў, якія жывуць сціпла, атрымліваецца даволі накладна. Сапраўды, далёка не ўсе заклапочаны тым, як пашыкоўней пагуляць і ярчэй бліснуць уборамі: у асноўнай сваёй масе людзі зарабляюць на хлеб ды малако.
Не танна каштуе святочнае ўбранне. Добрым тонам лічыцца раніцай перад выпускным балем гадзіны тры памучыць дзяўчынку-выпускніцу ў цырульніка (ды яшчэ асобныя бацькі вязуць сваё чада, каб зрабіць шыкоўную прычоску, у Баранавічы ці нават у Мінск) за салідную суму. Плюс візаж. І ўвогуле, бацькоў дзяўчынак застаецца толькі пашкадаваць.
Маці ж і бацьку таксама неабходна паднавіць гардэроб, каб быць не горш за іншых.
Кветкі. Гэта самыя апраўданыя і правільныя выдаткі: занадта многа букетаў на выпускным вечары не бывае. Хочацца, каб настаўнікі ды і бацькі ішлі дадому ну проста з ахапкамі кветак – яны сапраўды гэта заслужылі.
Далей – фота- і відэаздымка, памятныя альбомы. І гэта зразумела: вельмі ж хочацца адлюстраваць і захаваць вобраз свайго любімага дзіцяці ў знамянальны дзень. Праўда, у апошнія гады цэны на гэтыя паслугі таксама ўзляцелі ледзь не да касмічных вышынь. І бацькам не абавязкова згаджацца на любыя фантазіі фота- і відэаздымшчыкаў.
Ну і, нарэшце, банкетныя мерапрыемствы з музыкай і тамадой. Па-народнаму гэта называецца гулянка. Патрэбна яна галоўным чынам «прасунутым» бацькам (тут нават і спрачацца не будзем) і ўяўляе сабой выкідванне грошай на вецер не ў самай прыгожай, на мой погляд, форме: выпускнікі танчаць пад «пільным кантролем» тат і мам, якія сядзяць за багата накрытымі сталамі і дружна чокаюцца.
А між тым, вечар пасля выпускнога балю можа быць і іншым: недарагім, але стыльным і рамантычным. Упэўнены, што ў такім узросце рамантыка патрэбна нават сучаснаму прагматычнаму пакаленню. Ім спадабаецца, напрыклад, такая праграма: прыгожы фуршэт з бакалам шампанскага, а затым агульнае свята на гарадской плошчы з танцамі пад начнымі зоркамі да раніцы. А можна запрасіць модную групу, арганізаваць неонавае шоу, феерверк – шмат чаго цікаваг і арыгінальнага! І няхай будзе іменна агульнае свята для ўсіх выпускнікоў горада – не так іх ужо і многа. Разам значна весялей і цікавей. А стол бацькі могуць потым і дома накрыць, бо гэтая ўрачыстасць у першую чаргу сямейная. Самы час успомніць, як з немаўляці разам вырасцілі дарослага чалавека, які вось ужо і ў самастойнае жыццё ўступае. Адзін другому «дзякуй» сказаць. Гэта сагравае душу, збліжае. А што такое блізкае і дарагое звязвае ўдзельнікаў застолля, якое сабрала бацькоў усяго класа? Адны дэманструюць строі і саліруюць на першым плане, другія, каму са сваіх месцаў і родных дзяцей толкам не бачна, сціпла адмоўчваюцца, пачуваючы сябе не ў сваёй талерцы. Што, не так?
Крыўдна тое, што арганізатары непатрэбных расходаў бязлітасна ўцягваюць у гэту гонку матэрыяльна абмежаваных бацькоў. А чаму не быць больш сціплымі, думаць і пра іншых людзей таксама, лічыцца з іх сітуацыяй? Ды і проста выпендрывацца не хораша, не пахвальна гэта. Сёння вельмі многа людзей, у якіх зарплата не дасягае і 300 рублёў. Час няпросты, эканоміць даводзіцца на ўсім. А калі ў дзіця ці ўвогуле толькі адна мама?.. Каб «у сыночка ці дачушкі ўсё было не горш, чым у іншых», такія сем’і лезуць са скуры вон, даходзяць та таго, што пазычаюць вялікія сумы ў родных і знаёмых. А, між іншым, не меншыя выдаткі патрабуюцца і потым, прычым неабходныя – пераезд у буйныя гарады, паступленне ў ВНУ і каледжы, здымнае жыллё і гэтак далей. А тут апошнія грошы на баль патрацілі.
Яшчэ адзін важны момант – выхаваўчы. Чым раней навучыш дзіця жыць і адпачываць па сродках, тым лепш для яго.«Прыгожа» жыць не забароніш… Роздум напярэдадні выпускнога балю
Усе гэтыя «бум-ца-ца» на апошнія ці пазычаныя грошы – дурны тон і глупства, а яшчэ ж і дрэнны прыклад для маладога пакалення. У апошнія гады мода на шыкоўныя святочныя мерапрыемствы распаўсюдзілася нават на выпускныя чацвёртыя класы і… дзіцячыя садкі. Ну што тут скажаш? «Прыгожа» жыць не забароніш, а вось задумацца можна параіць.

Віктар СЛАВІН.

←МАЗ с битумом перевернулся в Докшицком районе: пострадали водитель и пассажир

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика