Аглядавыя камісіі выявілі «жучкі»
Штотыдзень аглядавыя камісіі наведваюць домаўладанні грамадзян. З пачатку бягучага года на Петрыкаўшчыне ўжо абследавана больш трох тысяч дамоў.
Члены камісій зараней вызначаюць адрасы наведвання. Прафілактычная работа заўсёды вядзецца з тымі людзьмі, што знаходзяцца ў зоне рызыкі. У такія праблемныя сядзібы старшыні сельсаветаў наведваюцца не адзін дзясятак разоў, каб людзі сапраўды задумаліся пра магчымыя наступствы ўласнай неахайнасці. Не можа не радаваць тое, што большасць грамадзян прыслухоўваюцца да рэкамендацый і ўхіляюць хібы дзеля ўласнай бяспекі.
Аднак пры наведванні сям’і з Петрыкава, што пражывае па вуліцы Карла Лібкнехта, было выяўлена няспраўнае пячное ацяпленне. Тут пражываюць непаўналетнія дзеці. Бацькам было рэкамендавана зрабіць рамонт неадкладна.
А ў мінулы чацвер у час работы капаткевіцкай аглядавай камісіі асноўную ўвагу надалі адзінокім. На жаль, далёка не ўсе гаспадары захоўваюць правілы пажарнай бяспекі. Пры абследаванні сядзібы грамадзянкі М. па вуліцы Чапаева ў пасёлку члены камісіі заўважылі скразныя шчыліны ля дзверак у грубцы, а ў доме К. па Базарнай вуліцы і Л. па Ленінскай у электразасцерагальніках выкарыстоўваюцца так званыя жучкі.
Гаспадарам сядзіб указалі на гэтыя парушэнні і вызначылі час на ўхіленне хібаў.
Валянціна ЯХНО.
Фота РАНС.