У мінулыя выхадныя ў Каменцы прайшла адкрытая агульнагарадская экскурсія “Птушкі ўрочышча Манастыр”
Экскурсія арганізавана грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) у межах “Школы бёрдвотчара”, якая ладзіцца ў нашым горадзе і складаецца з 8 тэарэтычных заняткаў і 2 палявых экскурсій.
Бёрдвотчынг – гэта назіранне за птушкамі, цікавы і папулярны ў многіх краінах занятак. Такое хобі дорыць чалавеку радасць і задавальненне, дае магчымасць больш рухацца і разнастаіць сваё жыццё. У школе расказваюць не толькі, як адрозніваць птушак, але і як апранацца для бёрдвотчынгу, складаць маршрут, апісваць птушку, правільна пазначаць яе месцазнаходжанне…
Падчас экскурсіі ўдзельнікі ўбачылі каля 20 відаў птушак (ад сінічак да лебедзяў, буслоў і журавоў, а яшчэ – арла, што лунаў у небе ў карагодзе з іншымі драпежнікамі), даведаліся, як адрозніць іх па галасах, маладых – ад дарослых, самцоў – ад самак, дзе якіх пярнатых можна сустрэць, чым яны харчуюцца, як сябе паводзяць…
Асаблівай цікавосткай экскурсіі стала размова з Андрэем Асташэнем (краязнаўцам і адначасова ўдзельнікам школы), які паведаміў шмат цікавых фактаў з гісторыі Каменца і адкрыў невядомыя старонкі заснавання і знішчэння Васкрасенскага манастыра, які існаваў у 17 стагоддзі на супрацьлеглым ад гістарычнай часткі горада беразе ракі Лясная.
Мерапрыемства прайшло ў межах ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якую АПБ рэалізуе ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА у партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Вадзім ПРАКАПЧУК.
Фота аўтара.