Традыцыі працягваем
У мінулую суботу кожны куточак гарадскога парка ажыў шматгалоссем няўрымслівай дзятвы. Раённы этап агляду-конкурсу парадна-цырыманіяльных атрадаў “Раўненне на сцяг!” сабраў прадстаўнікоў піянерскіх дружын устаноў адукацыі.
Чырвона-зялёныя гальштукі і піянерскія значкі, у колер галоўнага сімвала піянерыі пілоткі і белыя пальчаткі сталі атрыбутам гэтага дня.
Галоўнай задачай адзінаццаці каманд-удзельніц была дэманстрацыя навыкаў абыходжання з сімваламі БРПА, разуменне іх значэння ў піянерскай дзейнасці.
У праграме свята атрады дэманстравалі зладжанасць дзеянняў сцягавай групы, групы ўскладання Гірлянды Славы. Але самым эфектным і яркім было выступленне каманд страявой падрыхтоўкі і флаг-шоу.
Складаная сістэма падліку набраных балаў дазволіла вызначыць прызёраў агляду-конкурсу.
У намінацыі “Флаг-шоу” дыплом ІІ ступені заваяваў піянерскі атрад Бабуніцкай школы, на ІІІ месцы апынуліся Навасёлкаўская і Чалюшчавіцкая школы.
Зладжанасцю і дакладнасцю выканання праграмы ў намінацыі плац-канцэрта “Айчыне заўсёды верныя” адрозніваліся выступленні каманды Курыціцкай школы (ІІ месца) і Камаровіцкай школы (ІІІ месца).
Выступленні сцягавых груп у намінацыі “Мы верныя піянерскаму сцягу” Брынёўскага сада-школы і Галубіцкай школы таксама былі вартыя дыпломаў – ІІ і ІІІ ступені адпаведна.
Алена БРУЦКАЯ.
Фота Пятра ШАДУРЫ.