Найбольшы размах самагонаварэнне атрымала ў Дабромысленскім ...
З пачатку года супрацоўнікамі Івацэвіцкага РАУС да адміністрацыйнай адказнасці за незаконны зварот спіртаўтрымліваючай прадукцыі прыцягнуты 44 жыхары Івацэвічаў і раёна – тыя, хто займаецца незаконным вырабам і продажам самагону – 37 фактаў – і этылавага спірту – 7 выпадкаў.
Канфіскаваны 43 літры самагону, 580 літраў самагоннай брагі, 800 літраў спірту і спіртаўтрымліваючай вадкасці, а таксама 24 самагонныя апараты. Значнай падтрымкай у вырашэнні праблемы з’яўляецца неабыякавасць грамадзян, якія тэлефануюць у райаддзел міліцыі, паведамляюць аб тым, хто на іх вуліцы або ў іх населеным пункце “захапіўся” вырабам і продажам спірту і самагону. Прыкладна трэцяя частка з ліку, хто быў прыцягнуты да адказнасці, выкрыты з дапамогай суседзяў, аднавяскоўцаў.
З гэтых 44-х прыцягнутых да адказнасці грамадзян шэсць чалавек – у Дабромысленскім сельсавеце, шэсць – у Івацэвічах, па пяць – у Целяханах і Мілейках, чатыры – у Даманаве, тры – у Стайках, Аброве, Святой Воле, Амяльной, Косаве... Прынцыповасць у барацьбе з такой з’явай праяўляюць такія ўчастковыя супрацоўнікі міліцыі, як Міхаіл Крывіцкі, Андрэй Мельнік, Віктар Ляшчынскі, Юрый Амяляшчык.
Сярод аматараў і гора-рэкардсменаў у справе гандлю спіртаўтрымліваючай прадукцыяй – жыхар аднаго з населеных пунктаў, што знаходзіцца каля Івацэвічаў. Гэты мужчына за апошнія гады шэсць разоў быў прыцягнуты да адказнасці за тое, што рэалізоўваў разбаўлены спірт. Нагадаю, што штраф за продаж фізічнай асобай алкагольных напояў складае ад 5 да 20 базавых велічынь. Пры гэтым звярну ўвагу, што адміністрацыйная адказнасць за выраб самагону, самагоннай брагі і захоўванне самагоннага апарату – штраф да 5 базавых велічынь, калі здзейснена паўторна на працягу года з захоўваннем самагону болей за 5 літраў і самагоннай брагі болей за 30 літраў, то штраф – ад 5 да 30 базавых велічынь. Нагадаю, што ёсць і адказнасць – штраф – за набыццё самагону. Мы прыцягваем да адказнасці амаль кожны месяц жыхароў Івацэвічаў і раёна, хто “памыліўся”, прайшоў міма магазіна і купіў самагонку.
Яўген МІХНЮК,
начальнік аддзялення аховы правапарадку
і прафілактыкі Івацэвіцкага РАУС.