Рок-фэст «Наш дзень» адбудзецца 30 чэрвеня пад Мінскам
30 чэрвеня на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам адбудзецца новы рок-фестываль «Наш дзень», лайн-ап якога складаецца з 12 лепшых імёнаў сучаснай беларускай рок-музыкі.
У фэсце возьмуць удзел: Volski, Dzieciuki, Akute, B:N:, «Дай дарогу!», Nizkiz, «Крама», The Superbullz, «Мутнаевока», Зміцер Вайцюшкевіч, Пётр Клюеў.
«Беларуская фестывальная культура развіваецца, у афішы ўсё больш фэстаў з удзелам папулярных замежных артыстаў. Але трохі крыўдна, што класныя беларускія музыкі часцяком застаюцца на другім плане. Мы хочам выправіць гэтую сітуацыю па прыкладзе суседніх краін, дзе даўно шмат фэстаў з акцэнтам на сваю музыку», — кажа адзін з арганізатараў мерапрыемства Уладзімір Плавінскі.
Фестываль будзе адбывацца з 12:00 да 22:00. Вялікі лайн-ап дапоўняць адукацыйныя актыўнасці, гульні для дзяцей і дарослых, цікавыя квэсты, фудкорты, кірмаш і іншыя забавы.
Музей народнай архітэктуры і побыту знаходзіцца ў вёсцы Азярцо — 4 км ад МКАД за аўтарынак «Малінаўка». Ад станцыі метро «Малінаўка» будзе курсіраваць фестывальны аўтобус.