Пісьменнік павіншаваў жыхароў вёскі Лахва Лунінецкага раёна з Днём Вялікай Перамогі - фото
Дзень Перамогі мінуў, але рэха яго яшчэ гучнае, раскацістае. Не магу не падзяліцца ўражаннямі ад аднаго з эпізодаў велічнага свята ў палескай глыбінцы.
На мітынгах ды іншых мерапрыемствах, прысвечаных 73-й гадавіне перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, са словамі віншаванняў выступалі сотні пісьменнікаў, прычым, не толькі ў сталіцы і гарадах, але і ў сельскай мясцовасці.
Напрыклад, жыхароў вёскі Лахва Лунінецкага раёна, якая нямала пацярпела ад лютага ворага, павітаў і павіншаваў вядомы літаратар, былы старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі і намеснік старшыні, член праўлення і прэзідыума рэспубліканскай пісьменніцкай арганізацыі, Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў Анатоль Крэйдзіч.
Ён, у прыватнасці, адзначыў, што пісьменнікі не толькі пісалі і пішуць пра тую свяшчэнную вайну, але і самі ваявалі, многія з іх склалі свае галовы на фронце, а тыя, што засталіся ў жывых, даносілі праўду пра вайну праз прыгожае мастацкае слова ўсё сваё жыццё, як, напрыклад, тое рабілі Васіль Быкаў, Алесь Савіцкі і многія-многія іншыя.
Працягваюць пісьменнікі гэтую справу і сёння, хоць франтавікоў ды партызан амаль не засталося. Не так многа і сведкаў вайны з ліку пісьменнікаў. Адзін з іх – Мікалай Чаргінец, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. Апошнюю па часе з выдадзеных ім кніг “Аперацыя “Кроў” з памятным надпісам аўтара Анатоль Крэйдзіч урачыста ўручыў падчас выступлення на мітынгу старшыні Лахвенскага сельскага Савета дэпутатаў Людміле Аляксандраўне Пашкевіч, падкрэсліўшы, што ў гэтым рамане распавядаецца пра тое, як нямецка-фашысцкія захопнікі забіралі ў дзяцей кроў для сваіх параненых салдат, выкрываюцца самыя жудасныя праявы фашызму.
Завяршыў сваё выступленне Анатоль Мікалаевіч дэкламаваннем вершаў пра вайну школьнікаў і студэнтаў – удзельнікаў літаратурных конкурсаў, якія ён праводзіць ужо шмат гадоў, тым самым пацвярджаючы сваю выснову, што гэтая тэма балюча вярэдзіць душы і прадстаўнікоў юнага пакалення, якім будаваць, мацаваць, уквечваць мілую Беларусь заўтра. Чаго вартыя ўсяго толькі гэтыя чатыры радкі з верша адзінаццацікласніка з Брэста Юрыя Загорцава:
Одумайтесь, люди, не надо,
Не надо людей убивать,
И крови, и смерти не надо.
Солдат, опусти автомат.
Антаніна ДУБОВІЧ Фота Валянціны СКРАБЕЦ