На аўтазапраўцы ў Ваўкавыску загарэлася "Газель" (фота)
Фота: mchs.gov.by
Зранку 16 траўня ваўкавыскім ратавальнікам прыйшло паведамленне, што на заправачнай станцыі на вуліцы С.Панковай загарэлася "Газель".
Супрацоўнікі МНС прыбылі на месца выкліку праз 4 хвіліны і неадкладна пачалі тушыць аўтамабіль. На ліквідацыю пажару ім спатрэбілася каля чвэрці гадзіны. Агонь пашкодзіў маторны адсек і салон, часткова — лакафарбавае пакрыццё аўтамабіля.
Па словах кіроўцы, ён ехаў з цэнтральнага вузла сувязі Ваўкавыска ў аддзяленне сувязі Свіслачы. Перад рэйсам заехаў на АЗС, каб заправіць аўтамабіль газам. Пасля запраўкі завёў рухавік і пачуў гучны хлапок. Мужчына не разгубіўся і ад'ехаў ад заправачнай станцыі, а толькі потым выклікаў ратавальнікаў.
Спецыялісты высвятляюць прычыну пажару. Мяркуецца, што яго маглі прывесці парушэнні правілаў эксплуатацыі газавага абсталявання альбо электраабсталявання аўтамабіля.