Для ўраджаю
РУПІЦЦА КАМАНДА РАДЗЕВІЧА
Бульба ў СФГ «Сула» размесціцца сёлета на 220 гектарах. У сярэдзіне красавіка тут прыступілі да пасадкі другога хлеба. Папярэдне належным чынам падрыхтавалі поле. На мінулым тыдні на палетках за вёскай Ячонка на трактары «Джон-дзір» шчыраваў з бульбасаджалкай кампаніі «Грымме» механізатар Алег Жытко. Алег Уладзіміравіч працуе ў гаспадарцы звыш дзесяці гадоў. Шчыры, сумленны работнік. Ён адзін і засаджвае ўсю адведзеную пад гэтую культуру плошчу. Грэбні тэхнікай нарэзаны роўныя, шырокія, прыемна кінуць вокам. Садзілі ранні нямецкі сорт «венета». Завіхаўся на пагрузчыку Аляксандр Цярэшка, на загрузцы бульбы ў саджалку рупіўся палявод Валерый Кутас. Падвозіў насенне вадзіцель Аляксандр Шэлін.
Сёлета фермерам Уладзімірам Радзевічам набыты новыя сарты бульбы еўрапейскай селекцыі.
– Упершыню нямецкая фірма EUROPLANT выдзеліла нам суперэлітнае насенне бульбы, – гаворыць Уладзімір Уладзіміравіч. – На наступным полі пасадзім новы, ідэальны для ўпакоўкі, сярэдне-ранні сорт «мадэйра».
На здымках: вадзіцель Аляксандр Шэлін; галоўны аграном Аляксандр Клімовіч (злева) і механізатар Алег Жытко; працэс загрузкі насення ў бульбасаджалку.
НА ПАЛЯХ РАЁНА (ІНФАРМАЦЫЯ НА 10 МАЯ)
Услед за ААТ «Каганец» завяршылі сяўбу кукурузы працаўнікі ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і «Жацерава». Усяго ў гаспадарках засеяна гэтай культурай 5843 гектары.
Завяршаецца пасадка бульбы, якая размесціцца ў раёне на плошчы каля 1300 гектараў.
Аднагадовыя травы пасеяны на большай частцы запланаванай плошчы. Справіліся з гэтай работай у ААТ «Вішнявецкі», «Рубяжэвічы», «Дзераўное».
Працягваецца сяўба шматгадовых траў, засеяна 2660 гектараў. У гаспадарках запланавана пасеяць 1155 гектараў люцэрны, пяць таварыстваў справіліся з даведзенымі заданнямі.
Падкормліваюцца азотнымі ўгнаеннямі азімыя культуры. Па трэцім разе падкормлены рапс у ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і «Каганец».
Хімпраполка азімых збожжавых праведзена на плошчы 8884 гектары, што складае 85,8 працэнта. Цукровыя буракі першы раз апрацоўваюцца хімпрэпаратамі.
У ААТ «Радзіма Якуба Коласа» і «Жацерава» ўбіраюць азімую свірэпіцу на зялёны корм. Усяго гэтая кармавая культура займае ў гаспадарках раёна плошчу 624 гектары.
Надзея БАТАЛКА, фота аўтара