Бясплатныя курсы «Мова нанова» ў Слуцку прынялі першых студэнтаў
Першы занятак па беларускай мове для дарослых у Слуцку правялі заснавальнікі курсаў - мінчане Глеб Лабадзенка і Алеся Літвіноўская. Паслухаць іх прыйшлі 15 случчан ад школьнага да пажылога ўзросту.
Занятак прайшоў у памяшканні гарадскога аддзялення «Таварыства беларускай мовы».
Слуцк — 18-ты горад Беларусі, дзе адкрыліся курсы «Мова нанова». У суседнім Салігорску яны працуюць з мінулага года.
Глеб Лабадзенка расказаў случчанам пра мэту курсаў - адраджэнне беларускай мовы. Ён прывёў прыклад Чэхіі, дзе ў 19-м стагоддзі ўсе размаўлялі па-нямецку, акрамя жменькі інтэлігентаў, а зараз усе зноў размаўляюць па-чэшску. Расказаў, як праходзілі заняткі ў іншых гарадах і чаму не трэба саромецца памылак і «трасянкі», калі пачынаеш размаўляць на беларускай.У навучальнай частцы занятку слухачы вывучалі лексіку па тэме «сваякі»: напрыклад, даведаліся, хто такія прымак, байструк, братаніца і ятроўка. Філолаг Алеся Літвіноўская раскрыла тэму беларускіх мянушак. Нагадала, як раней у вёсках клікалі, напрыклад, не вельмі разумнага чалавека «таўкач», а высокага — «бодыль».
Пасля лектараў выступіў вакаліст гурта «Рэха» Андрусь Такінданг.
Наступны занятак «Мова нанова» ў Слуцку адбудзецца ў сераду 16 мая.