Николай Кишенёв никогда не забудет ужасы войны

Источник материала:  
08.05.2018 — Разное

Николай Кишенёв никогда не забудет ужасы войны
У вёсцы Гліннае, што ў Бярэзінскім сельсавеце, на дагледжаным, акуратна абкладзеным цэглай доме прымацавана невялічкая шыльда з чырвонай зорачкай, дзе пазначана, што тут жыве ветэран. Пад’язджаем да хаты, на ганак выходзіць жанчына. Пытаемся: як бы нам пабачыцца з Мікалаем Кішынёвым? Ганна Мікалаеўна, малодшая дачка ветэрана, як яна паведаміла, гасцінна запрашае ў хату.
Адчыніліся дзверы, і на парозе пакоя паказаўся дзядуля ў інваліднай калясцы. Дачка спрытна падкаціла каляску бліжэй да стала і сама прысела побач.
– Пра Вялікую Айчынную вайну тата, як і многія, каму давялося пазнаць яе жахі, успамінае са слязьмі на вачах, – гаворыць Ганна Мікалаеўна. – Менавіта на ёй ён страціў нагу.
– Мне ўжо 94 гады, – далучаецца да размовы Мікалай Мікалаевіч. – Толькі пяты клас закончыў, і пачалася вайна. Старэйшы брат Міхаіл пайшоў у партызаны, там і загінуў пазней. Не ведаем дагэтуль, што з ім здарылася і дзе пахаваны. Я застаўся адзін з бацькамі. Вельмі страшна было тады, калі немцы палілі Гліннае, хаты згарэлі, людзі загінулі… Пазней дзядзька ўзяў мяне ў брыгаду “Жалязняк”, быў я ў разведцы. Чарговы паход за разведдадзенымі ледзь не скончыўся для мяне смерцю. Калі вярталіся назад, фашысты абстралялі нас з мінамёта. Аскепкамі мне параніла абедзве нагі. Пэўна б і памёр там, каб не адправілі самалётам за лінію фронту ў Маскву, у ваенны шпіталь. Лячыўся там чатыры месяцы. Ампутавалі адну нагу, хацелі і другую. Але я так слёзна доктара прасіў, каб не рабіў гэтага, што ён рызыкнуў і пакінуў адну. Усё абы­шлося, і я пайшоў на папраўку.
Вялікую Перамогу інвалід вайны Мікалай Кішынёў сустракаў ужо дома. Калецтва ніколькі не паўплывала на яго далейшае жыццё. Мікалай Мікалаевіч спрытна “бегаў” на мыліцах і здзіўляў усіх навокал сваёй жыццярадаснасцю, бадзёрасцю, радаваўся, што выжыў у гады ваеннага ліхалецця. Асвоіў прафесію шаўца і на працягу 25-і гадоў шыў і рамантаваў абутак вяскоўцам, ды і не толькі ім. У свой час працаваў слесарам-акумулятаршчыкам у саўгасе “Камунар”. Дзяржава бясплатна выдзеліла яму аўтамабіль “Запарожац”. Злаўчыўся нават ездзіць на матацыкле. Працавіты, гаспадарлівы, ён пабудаваў дом, заўсёды стараўся дапамагчы дзецям і ўнукам.
Сям’я Мікалая Кішынёва ні ў чым не мела патрэбы. Жонка Соф’я Пятроўна, дарэчы, таксама ўдзельніца вайны, за ім пражыла як за каменнай сцяной. Выхавалі пяцёра дзяцей, якія не забываюць пра бацьку. Ганна Мікалаеўна вярнулася з Мінска і цяпер даглядае яго. Калі чатыры гады таму з ім здарыўся інсульт, сама выхадзіла тату.
На душы ў Мікалая Мікалаевіча спакойна, бо дзеці клапоцяцца пра яго. Толькі ад аднаго шчыміць сэрца – што ўжо не можа трапіць на свята Перамогі, пастаянным удзельнікам якога ён з’яўляўся на працягу многіх гадоў, і разам з сябрамі праспяваць песні ваенных гадоў.

 

У раёне пражывае 33 ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, 58 жыхароў, якія пацярпелі ад наступстваў вайны.
Пытанням іх дастойнага і бяспечнага пражывання надаецца асаблівая ўвага. Праводзяцца штогадовыя абследаванні, медыцынскія агляды. Сёлета 10 чалавек атрымалі розныя віды дапамогі: заменена электраправодка, устаноўлены ці заменены пажарныя апавяшчальнікі. 24 ветэраны атрымалі кампенсацыю за санаторна-курортную пуцёўку, якую яны не выкарысталі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Павел Чэрныш прайшоў рэабілітацыю ў санаторыі.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота аўтара.

←Тренер хоккейной сборной Беларуси Льюис покинул пост после поражения на ЧМ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика