Цукровыя буракі — адна з найважнейшых тэхнічных культур, якая дае сыравіну для цукровай прамысловасці. Выгада ад продажу салодкіх каранёў ужо даўно не выклікае сумненняў у сельгасвытворцаў. Нездарма ў нашым раёне гэтая культура адносіцца да разраду стратэгічных, бо ў тых сельгаспрадпрыемствах, дзе ўзялі на ўзбраенне яе вырошчванне, не першы сезон упэўніваюцца: ад рэалізацыі ўраджаю ў многім залежыць істотнае папаўненне грамадскай касы.
Толькі на першы погляд можа здацца, што вырошчванне цукровых буракоў не патрабуе вялікіх намаганняў. На самой справе гэта зусім не так. Для таго, каб атрымаць добры ўраджай
і, адпаведна, атрымаць прыбытак, патрэбна шмат зрабіць. Трэба падабраць найбольш спрыяльныя ўчасткі, папярэднікі, правесці шэраг тэхналагічных прыёмаў і мерапрыемстваў. Вялікае значэнне маюць гатункі, бо для розных кліматычных зон, відаў глебы патрэбна адпаведнае насенне.
У гэтай сувязі значная работа праводзіцца ў ААТ “Рассвет імя К.П.Арлоўскага”. Тут ужо працяглы час агранамічная служба сур’ёзна ставіцца да вырошчвання цукровых буракоў, і з кожным годам прагрэс у накірунку відавочны. І менавіта навуковаму падыходу надаецца самая пільная ўвага.
Вырошчванне культуры ў сельгаставарыстве наладжана ў цесным супрацоўніцтве з французскай фір-май ПАТ “Мезон Фларыён Дэпрэ”. З кансультатантам яе прадстаўніцтва ў Беларусі Мікалаем Барэлем мы сустрэліся нядаўна на адным з рассветаўскіх палеткаў каля в.Букіно, дзе якраз ішла сяўба цукровых буракоў.
— Мы кансультуем у плане навуковых падыходаў пры вырошчванні цурковых буракоў па ўсёй рэспубліцы, — расказаў Мікалай Паўлавіч. — У тым ліку практычна ва ўсіх гаспадарках Кіраўшчыны, дзе займаюцца гэтай культурай. Праз Слуцкі цукрова-рафінадны камбінат пастаўляем для сяўбы гібрыды.
Рэзультаты папярэдняй сумеснай работы ўжо відавочныя: Кіраўскі раён па прадукцыйнасці цукровых буракоў па выніках мінулага года стаў лепшым на Магілёўшчыне.
Рассветаўскія палі наогул выкарыстоўваюцца як эксперыментальная база. Усе падыходы — выключна на навуковай аснове. Мэта эксперыменту — выявіць, якія гібрыды і якія метады вырошчвання найбольш спрыяльныя на землях Кіраўшчыны і ўзяць іх за аснову. Праведзеныя летась доследы ўжо могуць уражваць. Калі сярэдняя ўраджайнасць салодкіх каранёў па раёне ў мінулым годзе склала каля
400 ц/га, то ўчасткі ў “Рассвеце”, дзе, да прыкладу, быў пасеяны гібрыд “дануб”, далі па 700 цэнтнераў на круг.
Але гэта далёка не канчатковая мяжа, лічыць Мікалай Барэль. Бліжэйшая задача — дасягнуць яшчэ большай ураджайнасці. З гэтай мэтай сёлета пры непасрэднысм суправаджэнні прадстаўніцтва фірмы праведзена закладка 10 розных гібрыдаў пры забеспячэнні ўсіх тэхналогій. Праведзена даследаванне глебы, зроблена глебапаглыбленне.
Немалаважная і тэхнічная складаемая. Высокую ацэнку спецыялісты даюць тэхнічным характарыстыкам рассветаўскага пнеўматычнага пасяўнога агрэгата “Монасем”.
На першай стадыі работ кансультант застаўся задаволеным зробленым. Засталося дачакацца будучага ўраджаю. А папярэднія вынікі ўжо будуць падведзены на ўсходах культуры падчас абласнога семінара-нарады, прысвечанага тэхналогіям вырошчвання цукровых буракоў, які плануеца ў жніўні бягучага года.
Аляксандр ХАХЛОЎ.
Фота аўтара.