Чалавек – памяць

Источник материала:  
02.05.2018 — Разное

Ідуць дзесяцігоддзі, і памяць пакідае толькі самыя важныя ўспаміны, выбарачна тое, што забыць нельга, недазваляльна.

У адзін з апошніх дзён красавіка мы сустрэліся з аўтарам артыкулаў, якія нашы чытачы чакаюць з нецярпеннем, чытаюць і перачытваюць, тэлефануюць у рэдакцыю, каб расказаць пра свае пачуцці. А самыя смелыя знаходзяць каардынаты Ніны Ачапоўскай і тэлефануюць ёй уласна.

Для гэтай сустрэчы было некалькі падстаў: хацелася, каб пра Ніну Андрэеўну ведалі больш, тым больш, што з дня на дзень у яе юбілей.

Чалавек – памяць

Нарадзілася Ніна Ачапоўская на хутары Асты ў Брынёве. Бацька быў выдатным кавалём, праўда, граматы не ведаў. У 1937 годзе ў вёсцы, як і ва ўсёй краіне Саветаў, поўным ходам ішлі рэпрэсіі. У той махавік трапілі і матуліны браты, яе дзядзька. Такая б доля напаткала і бацьку, але ў той ракавы дзень ён быў у Пцічы. З Брынёва больш ста мужчын аказаліся “ворагамі народа”, пакідалі дома па пяцёра-сямёра малых дзетак. Пачалася вайна, а на фронт ісці прыдатныя толькі з тры дзясяткі мужыкоў.

Немцы наступалі хутка, але бацька сам пайшоў у ваенкамат і паспеў трапіць на Другі Украінскі фронт, абараняў Кіеў, як загадаў “правадыр народа”, да апошняй каплі крыві. Там і трапіў у палон. У лагеры пад Канатопам яны сотнямі за ноч паміралі. Мясцовыя жанчыны выкупалі палонных у немцаў за кавалак сала ці яйкі. Састарэлы мужчына забраў з лагера і бацьку Ніны пад выглядам роднага сына. Падлячыў, апрануў і выправадзіў. Бацька дабраўся дадому.

Праз некаторы час у сям’і з’явіўся яшчэ адзін мужчына, пра якога Ніне было забаронена ўзгадваць увогуле: палонны, які збег з цягніка ў Капцэвічах. Гэта быў Міхаіл Навумавіч Мугерман, які потым узяў сабе прозвішча Маціеўскі і стаў камісарам аднаго з дзеючых у нашых краях партызанскіх атрадаў. Але паспеў маленькай Ніне расказаць з сотню казак, гісторый, цікавых аповедаў. Магчыма, тады ў ёй выспела тое нясцерпнае жаданне літаратуры.

Нейкі час сям’я жыла з заробкаў бацькі ў кузні. Нават партызанам дапамагалі прадуктамі, пяклі хлеб. Зразумела, што ад людскіх вачэй у вёсцы не схаваешся: часта ў невялікай сям’і Ачапоўскіх пахла свежавыпечаным хлебам. Неяк адзін са знаёмых,  які працаваў у жандармерыі, папярэдзіў, што плануецца арышт сям’і, трэба ўначы ўцякаць.

Так пачаліся тулянні маленькай Ніны і яе маці па куранях, балотах, нямецкіх лагерах. Нешта з таго Ніна Андрэеўна не так даўно расказвала на старонках газеты ў апавяданні “Вялікдзень 1944”.

Але было і многа таго, што ў тыя ўспаміны не трапіла.

– Былі спачатку ў Падозбіне, потым пайшлі ў Залаткоў, жылі ў Бобрыках, трапілі пад бамбёжку ў  Камаровічах, бачылі, як палілі гэтую вёску, – падрабязна памятае ўсе  падзеі жанчына і хацела б расказаць, ды не толькі часу шкадуе, а душу бярэдзіць зноў баіцца – здароўе падводзіць. – Бацька пайшоў з партызанамі, а мы трымаліся лагера жанчын і дзяцей. Маці ў гэтых аблавах, абстрэлах, бамбёжках змагла захаваць мяне, але другую дачку нарадзіла дачасна і тая памерла. Самы страшны і востры ўспамін – голад. Маці казала: “Не прасі есці і не плач, бо прыйдуць немцы і заб’юць”. І я маўчала. Неяк у лютым пасля чарговай аблавы схаваліся ў лесе з некалькімі жанчынамі, начавалі пад елкай, а яны паміж сабою шэпчуцца: “То дзіця плача?” – “Не, сава кугыча?” А раніцай недалёка мы знайшлі расстраляную жанчыну на перавернутым возе і замерзлае дзіця. Я прасіла матулю: “Не, яно не мёртвае, давай забярэм, сагрэем”. Так хацелася, каб у мяне была мая сястрычка, няхай нават знойдзеная ў лесе.

– Ужо калі свае дзеці пайшлі ў школу, папрасілі мяне разам з іх класамі паехаць на экскурсію ў Мінск у толькі што створаны музей Вялікай Айчыннай вайны, – пераскокваюць успаміны маёй субяседніцы. – Далей скрынкі з абгарэлымі касцямі дзяцей я пайсці не змагла. Доўга стаяла і плакала. Дасюль памятаю тых дзетак, якіх на маіх вачах фашысты вырывалі з рук матуль. Як потым гэтыя жанчыны, калі вярнуліся пасля вызвалення, шукалі сваіх малых. Але ўсё, што змаглі даведацца: былі вывезены ў Мінск на забор крыві для нямецкіх салдат. Потым абяскроўленыя дзіцячыя цельцы спальвалі ў печах.

У школу Ніна пайшла не адразу пасля вайны. Яшчэ год давялося падмацоўваць здароўе пасля лесу і лагера. Ежы было не больш, чым у вайну: праснакі з гнілой бульбы, якія халоднымі не грызліся, а гарачымі не лезлі ў рот – так смярдзелі. Але ж быў мір, ніхто не страляў. Дома былі мама, тата, дзядуля з бабуляй.

– Быў у гаспадарцы і трафейны конь Паўлюс, – перайшла ва ўспамінах на пасляваенны час Ніна Андрэеўна. – Калі з Германіі гналі коней, ён, яшчэ жарабя, знямоглы ўпаў каля вёскі. За рамонт воза ахоўнікі табуна дазволілі бацьку забраць худобіну сабе. За два гады Паўлюс стаў ладным жарабцом, праўда, да спіртнога схільны. Мужыкі ў лесе гналі гарэлку з бульбы, прасілі бацьку канём падвезці бражку. А бацька плату за гэта браў макухай з брагі, абмешваў яе з цвілым сенам і так карміў Паўлюса. Потым жарабец, здаралася, адрываўся і сам хадзіў у лес да самагоннага апарата.

Ды нядоўга гаспадарка Ачапоўскіх была адметнай канём. Калгас яго “канфіскаваў”, колькі бацька не пісаў лістоў і прашэнняў. Сталі баяцца, што скончыцца для сям’і тое нядобрым. Каня аддалі. Потым не аднойчы сустракалі яго змардаванага і галоднага. А восенню ўбачылі, як яго капыт тырчэў на конскіх могілках з зямлі. Пазналі па масці, быў белы, і па бацькоўскай падкове.

– Ніколі яны не пабудуюць, камунізм, – сказаў дзед над тым капытом. – Нават падкову з нагі не знялі.

– Мы, дзеці, рана навучыліся разумець, дзе праўда, а дзе голая прапаганда, – сказала субяседніца пасля аповеда пра спаленыя на калгасным полі каноплі, пра паўгода турмы, дзе бацька адсядзеў за “недасеў”, калі быў старшынёй калгаса ў Слабадзе.

Прыгонным правам, генацыдам называе жанчына гады, калі ім, выпускнікам школы, забаранялася выязджаць на вучобу, не адпрацаваўшы ў калгасе два гады, ды яшчэ патрэбную колькасць працадзён. Хлопцы ішлі ў армію і не вярталіся ў вёску, дзяўчаты вербаваліся на камсамольскія будоўлі. Намерылася і Ніна Брацкую ГЭС будаваць, ды бацькі не пусцілі. Затое аддалі замуж на дзевятнаццатым годзе. Ён, Фёдар Кандрашонак, на дзевяць гадоў быў старэйшы за яе, працаваў рэвізорам і прыязджаў да іх у вёску. Нагледзеў дзяўчыну, сасватаў і павёз у Петрыкаў, абяцаў, што маладой жонцы дапаможа вучыцца завочна. Але здарылася тое, калі ў яе было ўжо трое дзетак.

– У школе вельмі любіла гісторыю, геаграфію, літаратуры, а вучыцца пайшла на медсястру на вячэрнія двухгадовыя курсы, што былі на базе другой гарадской школы, – узгадвае яна. – Жаданне вучыцца было такім моцным, што здавалася, каб прапанавалі вывучаць кітайскую грамату – не раздумвала б. Навучанне скончыла з адзнакамі “выдатна” і “добра”. А потым і чацвёртае дзіця нарадзіла.

Працаваць давялося складана. Аказалася, што ў жанчыны алергія на антыбіётыкі. Адзінае месца, дзе магла працаваць – дыетсястрой. Было цяжка з-за вялікай нагрузкі. Нейкі час нават працавала ў кандытарскім цэху.

– Фашызм і камунізм перажыла, – нават пра цяжкія моманты можа гаварыць з доляй гумару Ніна Андрэеўна. – Цяпер планую дажыць да наступных прэзідэнцкіх выбараў. Ужо шаснаццаць гадоў жыву без гаспадара – памёр. Пахавала ў 1996 годзе і сына. Дзеці жывуць хто ў Мінску, хто ў Петрыкаве, дапамагаюць, клапоцяцца. Але скажу вам сумленна: унукі ў мяне атрымаліся лепшыя, чым дзеці. Ужо нават дзве праўнучкі ёсць, чакаю трэцюю.

Ніна Андрэеўна з вялікай акуратнасцю дастала з закрытай на ключ шафы і паклала на стол сямейную рэліквію – біблію 1908 года друку:

– Гэта 51 кніга святога пісання, зборнік. Мой дзед быў паранены ў руска-японскую вайну, на атрыманыя за раненне грошы купіў яе і прывёз дадому. У 37 годзе бабуля ў час арыштаў і вобыскаў хавала яе ў лесе ў мурашніку. Ужо чацвёртае пакаленне Ачапоўскіх робіць тут свае пазнакі. Пакуль не вырашыла, каму буду перадаваць далей.

Свае артыкулы Ніна Ачапоўская піша выключна на беларускай мове, кажа, што і мастацкай літаратуры аддае перавагу менавіта беларускамоўнай. Такая любоў да роднай мовы засталася ў памяці разам з вобразам яе настаўніцы Раісы Іларыёнаўны Баравік. Такога прыемнага, меладычнага гучання роднага слова яна дасюль не чула.

– Калі хочацца расказаць, бяруся за паперу, – гаворыць наша аўтарка. – І не столькі пра сябе, як пра іншых. Усе мае родныя перажылі фашысцкую акупацыю, выгнанне, пакут кожнага хапіла б на цэлы народ. Цяпер тэлефануюць людзі знаёмыя і зусім не, расказваюць свае гісторыі і просяць напісаць. Не магу адмовіцца. Бо тое, што яны памятаюць – гэта боль, які трэба выпусціць, інакш ён не дае жыць. Не хачу, каб пра тыя жахі забывалі. Такога быць больш не павінна нідзе і ніколі. І калі тыя гісторыі знікнуць з памяці і свядомасці людзей, ёсць верагоднасць іх паўтарэння, будзе бяда.

Алена БРУЦКАЯ.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

←Google открыла доступ к регистрации доменов .app

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика