Згуртаванай камандай

Источник материала:  
27.04.2018 — Разное
>
Згуртаванай камандай

Фота Фаіны Касаткінай

Зараз штодзённы надой малака ад каровы на сельгаспрадпрыемстве «Дунілавічы-агра» перавышае восем кілаграмаў. І хаця гэты паказчык крыху ніжэйшы за сярэднераённы, для гаспадаркі ён унушальны, бо на тры кілаграмы вышэйшы, чым атрымлівалі такім часам летась. А з пачатку года надой ад каровы ўзрос на 142 кілаграмы. Гэта самы высокі прырост у раёне.

Пра тое, што паспрыяла поспеху, і ўвогуле пра справы ў жывёлагадоўлі карэспандэнту «Пастаўскага краю» Фаіне Касаткінай расказвае галоўны заатэхнік гаспадаркі Эма Гасюк (на здымку):

— Дойны статак, а ў ім налічваецца 565 кароў, у нас утрымліваецца на дзвюх фермах — у Дунілавічах і Сяргеевічах. Арганізавана прайшла зімоўка, бо па-гаспадарску падрыхтаваліся да яе: уцяплілі будынкі, памянялі вокны, дзверы, назапасілі дастаткова кармоў. На мінулым тыдні выгналі ў поле тры статкі кароў, якіх маем 565, і 200 цялушак злучнога ўзросту. Пастараемся максімальна выкарыстаць усе магчымасці пашавага перыяду і атрымаць на танных кармах як мага больш прадукцыі.

Поспех любой справы залежыць ад людзей і найперш — ад кіраўніка. Дык вось, яшчэ не прайшло і года, як нашу гаспадарку ўзначаліў Андрэй Віктаравіч Сарапененка, а ўжо многае змянілася ў лепшы бок. Нягледзячы на тое, што па спецыяльнасці ён аграном, вельмі пільна ўнікае і ў жывёлагадоўлю. Не бывае таго дня, каб два, а то і тры разы не наведаўся на кожную ферму. Рэгулярна праводзіць дні жывёлавода. Размаўляе з людзьмі, цікавіцца іх праблемамі і дапамагае вырашаць. Але і патрабуе дысцыпліны і парадку. І гэта на фермах ёсць. Працуюць тыя ж самыя людзі, але як памяняліся іх адносіны да справы! Бо бачаць нераўнадушнасць і мэтанакіраванасць кіраўніка. Паклапаціўся дырэктар і пра папаўненне кадраў. Адна сям’я прыехала ў Сяргее­вічы, дзве — у Дунілавічы, пасяліліся ў адрамантаваным жыллі. Яшчэ адну даярку прывозяць з Норыцы. І зараз у нас хапае людзей у жывёлагадоўлі.

Адказныя загадчыкі ферм — Жанна Генюш, Сяргей Чуркін, Алена Мядзведская. Стараюцца ўсе аператары машыннага даення, даглядчыкі цялят, іншыя жывёлаводы. Адной камандай працуюць кіраўнік, спецыялісты, радавыя жывёлаводы. Усе зацікаўлены ў высокіх паказчыках. Нікому не хочацца дайсці да такога стану, у якім апынуліся гаспадаркі-банкруты. Лічу, што нашы Дунілавічы сталі на шлях адраджэння.

У Сяргеевічах стварылі групу першацёлак, якую даглядае Наталля Валюкевіч. За тры месяцы прыбаўленне валавога надою на гэтай ферме склала 16,7 тоны, што з’яўляецца вельмі добрым паказчыкам. Зараз у гаспадарцы ідуць масавыя ацёлы,  ужо атрымалі 310 цялятак. Іх захаванасць стопрацэнтная. Вырошчваем на племя больш за 800 цялушак. Калі раней дапускалася вялікае выбыццё жывёлы, то зараз маем яе ажно 1660 галоў і працягваем нарошчваць пагалоўе. Бачым, што для яго ўтрымання не хопіць памяшканняў, таму мяркуем узяць у арэнду ў іншай гаспадарцы.

Клапоцімся пра якасць прадукцыі. Усё малако прадаём вышэйшым сортам. Да «экстра» пакуль не дацягваем, але сумесна са спецыялістамі малочнага завода працуем над гэтым. Не скажу, што няма цяжкасцей. Іх хапае, але згуртаванай камандай усё пераадольваецца лягчэй. Упэўнена, што ў пашавы перыяд зможам атрымаць высокія надоі і прыбаўленне ў вазе. А будзе жывёлагадоўчая прадукцыя — будуць і грошы ў касе гаспадаркі, а значыць годная зарплата людзям, іх зацікаўленасць у выніках сваёй працы.    

←Сотни врачей, недовольных зарплатами, прошли маршем по Вильнюсу

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика