Асаблівасці прафесіі журналіста вывучалі вучні 10 класа сярэдняй школы № 3 г. Кобрына, завітаўшы ў рэдакцыю газеты “Кобрынскі веснік” 27 сакавіка. Візіт ва ўстанову, якая забяспечвае якасным інфармацыйным прадуктам кобрынскі рэгіён, прайшоў для дзяцей пазнавальна і цікава.
Журналісцкая прафесія, здавалася б, пры яе публічнасці не мае ніякіх сакрэтаў, аднак гэта толькі на першы погляд. У гэтым і ўпэўніліся старшакласнікі разам са сваім класным кіраўніком Аленай Шырынай, калі на ўласныя вочы ўбачылі, як ствараецца газета. Разабрацца вучням у складаным працэсе па выпуску выдання дапамаглі нешматлікія члены калектыву рэдакцыі.
Прыемна, што сярод экскурсантаў былі тыя, якія ведаюць “Кобрынскі веснік” не па чутках. У многіх сем’ях любоў да “раёнкі” перадаецца з пакалення ў пакаленне, і, як высветлілася, усе новаўвядзенні газеты, у тым ліку новыя праекты, не застаюцца па-за ўвагай пастаянных чытачоў.
Прэзентавала газету, акцэнтаваўшы ўвагу школьнікаў на тэматычнай старонцы “Арыенцір”, прысвечанай моладзі, адказны сакратар рэдакцыі Людміла Дубіна. Вучні задавалі шмат пытанняў прафарыентацыйнага характару, што не дзіўна – знаходзячыся на парозе дарослага жыцця, яны актыўна вывучаюць свет прафесій. Як атрымаць прафесію журналіста і якія патрабаванні прад’яўляе грамадства да майстроў пяра, расказала карэспандэнт газеты, малады спецыяліст, Ксенія Пальто. Мабільнасць журналістаў яна прадэманстравала на ўласным прыкладзе, пазнаёміўшы школьнікаў з інтэрнэт-парталам газеты, адміністратарам якога з’яўляецца разам са сваім калегам Дзмітрыем Алізарам.
Пазнаёміўшыся з шматлікімі дасягненнямі калектыву рэдакцыі, які зараз ажыццяўляе сваю дзейнасць пад чуйным кіраўніцтвам галоўнага рэдактара Рамана Мельніка, дзеці пераканаліся, што ў журналісцкім асяроддзі няма выпадковых людзей і да выбару прафесіі патрэбна ставіцца з высокай адказнасцю.
Людміла ЯРМАЛЮК.
НА ЗДЫМКУ Ксеніі Пальто: пасля экскурсіі ўсе разам.