Берасцеец вярнуў сто долараў, "ахвяраваныя" на храм
Фота: crosswalk.com
У пятніцу, 20 красавіка, 35-гадовы жыхар Брэста выявіў, што згубіў у гіпермаркеце "Еўраопт" на вуліцы Радужнай сто долараў, і звярнуўся ў міліцыю. Аказалася, грошы знайшоў іншы наведвальнік і паклаў у скрыню для ахвяраванняў на будаўніцтва храма-капліцы ў гонар апостала Фамы.
У прэс-службе Ленінскага РАУС Брэста Еўрарадыё расказалі, маўляў даведаўшыся пра гэта, гаспадар купюры сказаў, што, "напэўна, пакіне грошы для патрэб храма, хай настаяцель не перажывае — забіраць не буду".
Цікава, што ў дырэкцыі крамы нам выдалі іншую версію фіналу гісторыі.
"У суботу прыйшоў святар, адкрыў скрыню і вярнуў сто долараў ўладальніку".
Пра тое, што ніякіх ахвяраванняў не было, пацвердзілі і ў вайсковай часці 5526 Унутраных войскаў МУС, на тэрыторыі якой вядзецца будаўніцтва храма.
"Калі б наведвальнік "Еўраопта" пакінуў грошы, вось гэта было б цікава! Але ніхто нічога не пакідаў. Міліцыя выявіла грошы ў скрыні для ахвяраванняў. На месцы сабралі камісію і вярнулі іх ўладальніку. Бацюшкі там не было".
Зямлю на будаўніцтва храма-капліцы ў гонар апостала Фамы на тэрыторыі вайсковай часці ў Брэсце кіраўнік дзяржавы выдзеліў яшчэ ў 2010 годзе. Мінула восем гадоў — там вядуцца апрацоўчыя работы.