Рэспубліканскі суботнік. Папрыгажэлі паркі і вуліцы

Источник материала:  
23.04.2018 — Разное

Рэспубліканскі суботнік. Папрыгажэлі паркі і вуліцы

На Стаўбцоўшчыне рэспубліканскі суботнік прайшоў масава (з удзелам 11 977 чалавек), з веснавым запалам. Разам са стаўбчанамі працавалі і вядомыя ўраджэнцы раёна, вышэйшыя службовыя асобы Рэспублікі Беларусь.

Сярод іх – прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў і віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, міністр лясной гаспадаркі Віталій Дрожжа, якія бралі ўдзел у пасадцы лесу ў Акінчыцкім лясніцтве. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена Анісім і ганаровы грамадзянін раёна, старшыня Федэрацыі футбола Мінскай вобласці Алег Чыкун шчыравалі на добраўпарадкаванні гісторыка-культурнай каштоўнасці – брукаванай дарогі Новы Свержань – Мір. Навядзеннем парадку ў сваіх гаспадарках займаліся загадчык МТФ “Пагарэлае” ААТ “Радзіма Якуба Коласа”, Герой Сацыялістычнай Працы, ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці Зінаіда Ярашэвіч і дырэктар ААТ “Вялікі Двор”, заслужаны работнік сельскай гаспадаркі, ганаровы грамадзянін Стаўбцоўскага раёна Вольга Луцык.

- Выйшлі на суботнік усе працоўныя калектывы раёна. Для правядзення работ было вызначана шмат аб’ектаў. На іх працавалі 10 МАЗаў, чатыры аўтавышкі і розная іншая тэхніка, — зазначыў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака. – Да прыкладу, былі працягнуты работы па падсыпцы гарадскіх вуліц Адамовіча і Лёсіка, распачатыя падчас раённага суботніка, а таксама фарміраванне кронаў дрэў на вуліцы Ленінскай. На вуліцы Набярэжнай ажыццяўлялася планіроўка грунту, каб у далейшым высадзіць тут дрэвы і стварыць паркавую зону. У горадзе вялася пасадка і пабелка дрэў, высадка кветак. Усе арганізацыі займаліся ачысткай лясных масіваў і зон адпачынку, — удакладніў Аляксандр Цывака.

На вуліцы Набярэжнай працавала тэхніка ПМК-233, на Ленінскай – тэхніка і работнікі РЭС і АКС. Ударны фронт работ прыйшоўся на лясгас. Вуліцу Івянецкую прыводзіла ў парадак і азеляняла дружная каманда з ліку работнікаў райвыканкама, ДРБУ № 135, раённага камітэта БРСМ. Выразалі старыя дрэвы і садзілі ліпы і на вуліцы Царука (за будынкам райвыканкама). Пасадачны матэрыял, як падкрэсліла начальнік участка азелянення АКС Рэгіна Лянцэвіч, вырасцілі самі. Тыя, хто садзіў дрэўцы, ужо далі міні-парку імя – парк Любові.

Акультурванне парку ішло і побач з райаддзелам міліцыі. Работа кіпела і ў цэнтральным парку Стоўбцаў — “Дружба народаў”. Сюды загадзя была падвезена зямля, якую раўнялі пагрузчыкам і ўручную, граблямі. “Падсеем траву, каб было прыгожа, — адзначыў дырэктар Стаўбцоўскага АКС Дзмітрый Мурын і падзяліўся бліжэйшымі планамі: — У парку хутка з’явяцца тры камеры відэаназірання. Да канца красавіка плануем запусціць фантан. Устанавілі новыя лаўкі, а яшчэ зробім па кругу пешаходныя дарожкі”.  

У дзень суботніка камунальнікі фарбавалі агароджы на могілках. Курсіравалі 12 машын-смеццявозаў, якія збіралі адходы згодна з графікам вывазу, яны ж забяспечвалі і патрэбы суботніка. Абнаўлялася дарожная разметка. Спачатку камунальнікі фарбуюць яе на гарадскіх вуліцах, потым прыступяць да аграгарадкоў і Наваколасава.

Пасля суботніка Стаўбцоўшчына значна папрыгажэла.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

←Итальянский бизнес заинтересован в инвестициях в зеленую экономику Беларуси

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика