Каралева зімовых свят зойме больш за 6 гектараў
Напэўна, ніхто не можа ўявіць Новы год без ёлкі. Імі ўпрыгожваюць цэнтральныя плошчы гарадоў, магазіны, ставяць дома, у панадворках. Ёлка — каралева навагодніх свят. Праўда, апошнім часам многія аддаюць перавагу штучнай прыгажуні. Але асабіста для мяне свята, калі дома красуецца жывая.
Добра помніцца дзяцінства, калі ў далёкія 60-ыя напярэдадні Каляд адпраўлялася з бацькам у лес. У пошуках самай прыгожай ялінкі праходзілі не адзін кіламетр па снезе вышэй за калена. Прыносілі дадому, устанаўлівалі, упрыгожвалі цацкамі і любаваліся. Цяпер галоўны навагодні атрыбут набываем на ёлачных кірмашах. І часта перабярэш з дзясятак дрэўцаў, пакуль знойдзеш па гусце: каб і роўная, і пушыстая.
— Заўсёды, калі чую нараканні пакупнікоў пры выбары навагодняй ёлкі, разумею іх, — гаварыў ляснічы Пастаўскага лясніцтва Альберт Туронак. — На рэалізацыю адпраўляюцца дрэўцы, якія высякаюцца пры прарэджванні маладых лясоў, расчыстцы зон адчужэння аб’ектаў электраэнергетыкі. І гэта не наносіць ніякай шкоды прыродзе. Незалежна ад таго, будуць ёлкі рэалізаваныя або не, яны ўсё роўна належаць высечцы. Паколькі растуць часам у зацемненых месцах, заціснутыя іншымі насаджэннямі, таму і бываюць іншы раз непрыгляднымі: то аднабокія, то рэдкія. Сёлетняй вясной вырашылі больш чым на 6 гектарах пасадзіць елачкі, якія будуць вырошчвацца менавіта як навагоднія.
Паназіраць за работай адправіліся за чыгуначны пераезд каля вёскі Соўкі. Майстар Наталля Туронак, леснікі Віктар і Яўген Пучынскія (на здымку), два наёмныя рабочыя Аляксандр Андрушкевіч і Аляксандр Краміч завіхаліся на падрыхтаваным з восені полі. Адны, згодна з тэхналогіяй, рабілі ямкі, іншыя акуратна запраўлялі карані сеянцаў, утрамбоўвалі глебу. Майстар кантралявала працэс, давала рэкамендацыі.
Навагоднія ёлкі будуць расці на ўчастку, які да гэтага знаходзіўся ў сельскагаспадарчым карыстанні. Даўжыня гону — не больш за 100 метраў. Для закладкі плантацыі выкарыстоўваюцца саджанцы, якія два гады прарасталі з насення і тры — раслі ў гадавальніку ў адкрытым грунце. Адлегласць паміж саджанцамі складае паўтара метра, што дасць магчымасць дрэўцам расці ў спрыяльных умовах. Праз пяць-сем гадоў елачкі дасягнуць свайго таварнага віду (вырастуць да 1-1,5 метра) і ўпрыгожаць навагодні інтэр’ер кватэр.
Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ