Прафесійна, крэатыўна, творча
У сакавіку ў бібліятэчным жыцці раёна адбылася значная падзея — маладыя бібліятэкары спаборнічалі ў прафесійным майстэрстве, змагаючыся за званне найлепшага спецыяліста, дэманстравалі свае ўменні і захапленні.
Арганізаваў конкурс аддзел бібліятэчнага маркетынгу Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, а ўдзел у ім прынялі пяць дзяўчат ва ўзросце да 35 гадоў. Раённую бібліятэку прадстаўляла Анастасія Бурцава, дзіцячую імя У. Дубоўкі — Аксана Лявонава, гонар Старадворскай сельскай бібліятэкі абараняла Алена Лешчык, Дунілавіцкай — Вольга Танана, Курапольскай — Кацярына Ходзюш. Маладыя, таленавітыя, творчыя, яны валодаюць крэатыўным, дынамічным, гібкім мысленнем, маюць навыкі карыстання сучаснымі тэхналогіямі. Так, візітныя карткі ўдзельніцы конкурсу прадставілі ў электронным выглядзе, не толькі ў традыцыйным, але і ў лічбавым варыянце былі прэзентаваны выставы. Але пра ўсё па парадку.
Напачатку з прывітальным словам да ўдзельніц звярнулася дырэктар Пастаўскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Людміла Гаўрылаўна Касцень. Яна пажадала поспехаў у конкурсах, якіх было пяць. Першы называўся “Якой я бачу будучыню бібліятэк” і меў на мэце вызначыць красамоўства маладога бібліятэкара, здольнасць за адну хвіліну змястоўна раскрыць тэму.
Бадай, самым складаным аказалася “Заданне ў канверце”. Канкурсанткам раздалі пытанні і практычныя заданні, якія датычылі прафесійнай дзейнасці: класіфікацыі кніг па табліцах ББК, стварэння бібліятэчна-бібліяграфічных даведак, правільнага апісання артыкулаў і расстаноўкі бібліятэчных картак у алфавітным і сістэматычным каталогах. Пакуль дзяўчаты выконвалі іх, вядучая мерапрыемства — загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталля Аляксандраўна Балошка — правяла вандроўку ў мінулае, расказала цікавыя факты з жыцця бібліятэк і кніг з дэманстрацыяй відэарада, а бібліятэкар Лынтупскай гарпасялковай бібліятэкі Святлана Уладзіміраўна Пякарская прапанавала хвілінку гумару пра стэрэатыпы ў рабоце бібліятэкара.
Найбольш відовішчным стаў конкурс захапленняў. Прысутных зачаравалі кветачкі і лісцікі на казачных дрэвах з бісеру Кацярыны Ходзюш, снегавічок з ваты, дамавік, кветкі ў тэхніцы квілінг і карандашніца з завостраных алоўкаў Вольгі Тананы. Алена Лешчык з дапамогай мультымедыйнай устаноўкі прадэманстравала сваё фотабачанне жыцця, а таксама раннія замалёўкі, выкананыя акварэллю. Уласнаручна звязаныя кручком шалі прадставіла гледачам Анастасія Бурцава, дапоўніўшы выхад-дэфіле вершам пра малую радзіму, які напісала сама. Ля мальберта з нацюрмортамі працавала Аксана Лявонава, паказвала свае раннія і пазнейшыя, больш дасканалыя малюнкі.
Хатнім заданнем для ўдзельніц конкурсу было падрыхтаваць кніжную выставу і зрабіць яе прэзентацыю. Анастасія Бурцава з дзяцінства зачытвалася творамі Артура Конан Дойла. Дзіўны свет англійскага пісьменніка дэтэктыўнага жанру яна прадставіла ў выставе “Сэр Артур Конан Дойл, дзіўны і загадкавы”. Вольга Танана прэзентавала творы віцебскай паэтэсы Тамары Красновай-Гусачэнка, якой 1 красавіка споўнілася 70 гадоў. Аксана Лявонава выбрала актуальную тэму аховы жывёл, назваўшы сваю выставу “Не спазніся на дапамогу сябру”. А пасля заканчэння прэзентацыі раздала візітныя карткі з адрасам сайта па ахове братоў нашых меншых. Алена Лешчык падрыхтавала выставу краязнаўчага характару, расказала пра мясцовых паэтаў-старадворцаў і прачытала іх вершы. «Любимых детских книг творцы» — так называлася электронная выстава Кацярыны Ходзюш пра цікавыя факты з жыцця вядомых дзіцячых пісьменнікаў.
Пераможцу спаборніцтва вызначала строгае журы пад старшынствам Л. Г. Касцень. Ёй стала бібліятэкар Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Анастасія Бурцава. За актыўны ўдзел у конкурсе ўсе маладыя работнікі атрымалі дыпломы і памятныя сувеніры, а ў дадатак — каштоўны прафесійны вопыт і радасць зносін з калегамі.
Валянціна ГІРВЕЛЬ, бібліятэкар Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі