Старшыня праўлення Чэрвеньскага раённага спажывецкага таварыства Аляксандр ФОМЧАНКА: «Перамены наспелі даўно»
На мінулым тыдні калектыў Чэрвеньскага раённага спажывецкага таварыства ўзначаліў Аляксандр Фомчанка. Пра перспектывы развіцця арганізацыі ён распавёў у гутарцы з карэспандэнтам “Раённага весніка”.
– Першачарговая задача – вывесці раённае спажывецкае таварыства з глыбокага крызісу. Падмуркам для гэтага павінна стаць нарошчванне тавараабароту. Давядзецца ўносіць пэўныя змены ў шэраг накірункаў нашай працы, праводзіць аптымізацыю колькасці работнікаў.
На сёння фінансавае становішча арганізацыі незайздроснае. За мінулы год прамыя страты ад яе дзейнасці склалі каля 600 тысяч рублёў. Таварыства само сябе загнала ў даўгі і працягвае нарошчваць запазычанасць прадпрыемствам-пастаўшчыкам. Зараз яна складае каля 6,5 мільёна рублёў. З-за гэтага нават некаторыя пастаўшчыкі нашай унутранай кааперацыі адмаўляюцца з намі працаваць.
– Ці паспелі Вы ўжо зрабіць нейкія крокі да змянення крызіснай сітуацыі?
– Так. На сёння акрэслілася тэндэнцыя да росту аб’ёмаў тавараабароту шляхам загрузкі нашых забойнага і мяса-каўбаснага цэхаў. Падпісаны дамовы з вытворцамі Чэрвеньскага і суседніх раёнаў на пастаўкі свініны. Бліжэйшымі днямі павінна вырашыцца пытанне па ялавічыне. Трэба павялічваць рэалізацыю мясной прадукцыі ў магазінах, прадаваць яе на кірмашах.
– Але ці будзе яна канкурэнтаздольнай?
– Спадзяемся на гэта. Прынамсі, дамовы на пастаўку мяса заключаем па прымальных для нас коштах. І па некаторых пазіцыях цэны на нашу мясную прадукцыю ў магазінах ужо зараз ніжэйшыя, чым у нашых прамых канкурэнтаў.
– З пункту гледжання пакупніка здаецца, што райспажыўтаварыства ўчыстую прайграе ў канкурэнтнай барацьбе з прыватным гандлёвым бізнесам. Прынамсі, у Чэрвені…
– …Сапраўды, нам сёння цяжка канкурыраваць, асабліва з магазінамі буйных гандлёвых сетак. Але я не сказаў бы, што канкурэнцыя прайграна адназначна.
Відавочна, што, у нас ёсць прадуктовыя крамы, якія давядзецца перапрафіляваць пад пункты грамадскага харчавання, магазіны нехарчовых тавараў. Але ёсць і гандлёвыя аб’екты, якія з павелічэннем асартыменту тавараў здольныя перайсці на станоўчую дынаміку тавараабароту.
– Апошнім часам ходзіць шмат размоў пра магчымы продаж некаторых магазінаў райспажыўтаварыства ў Чэрвені. У прыватнасці, гаворка ідзе пра ўніверсам “Ігуменскі”…
– “Ігуменскі” дакладна не маем намеру прадаваць. Збіраемся яго перапрафіляваць. Магчыма, пад магазін будаўнічых матэрыялаў. Таксама ў планах – адкрыццё кавярні ў адным з нашых магазінаў у мікрараёне вуліцы Барыкіна, побач з дзіцячым паркам. А ў суседнім будынку, магчыма, размесцім мэблевы магазін.
– Нельга абысці ўвагай непрывабны знешні выгляд многіх будынкаў райспажыўтаварыства, асабліва – у цэнтры Чэрвеня…
– Так, прывесці іх у парадак – адна з задач, якую паставіў старшыня райвыканкама Віталь Мікалаевіч Казлоў. Дэталі абмяркоўваліся днямі на рабочай нарадзе з яго ўдзелам, на якую былі запрошаны кіраўнікі будаўнічых арганізацый. Ужо ёсць адпаведныя напрацоўкі, эскізы, вызначаны колеравыя гамы фасадаў і дахаў будынкаў.
– Аляксандр Віктаравіч, вернемся да аднаго з накірункаў змен у дзейнасці арганізацыі, які Вы акрэслілі напачатку нашай гутаркі. А менавіта – да аптымізацыі колькасці работнікаў. Не сакрэт, што гэта – непапулярная мера…
– Сапраўды так. Але што рабіць, калі ў нас фонд заработнай платы перавышае фонд даходаў? Штаты непамерна раздутыя. Напрыклад, у мяне па штатнаму раскладу – чатыры намеснікі. Застанецца адзін. У бухгалтэрыі працуе 20 (!) чалавек. Укараненне сістэмы аўтаматызацыі (зараз тут няма нават праграмы “1С”) дасць магчымасць скараціць іх колькасць амаль напалову… Ды і амаль у кожным структурным падраздзяленні ёсць работнікі, якія дубліруюць функцыі адзін аднаго. У нашай эканамічнай сітуацыі гэта недазваляльная раскоша.
– Ці вызначылі Вы для сябе тэрміны, за якія рэальна вывесці арганізацыю з крызісу?
– Гэта бессэнсоўны занятак. Усе магчымыя тэрміны прапушчаны. Тое, што мы пачалі рабіць сёння, трэба было зрабіць яшчэ ўчора. Таму не загадваем наперад, а закатваем рукавы і працуем. Шукаем новых пастаўшчыкоў у сістэме Белспажыўкааперацыі, будзем весці дыялог з Белкаапзнешгандлем па наладжванню паставак прадукцыі айчыннай і замежнай вытворчасці. З тым, каб у найкарацейшыя тэрміны павялічыць тавараабарот. А потым – разлічвацца з даўжнікамі.
– Напрыканцы не магу не запытацца вось пра што: па першай адукацыі вы – гісторык, дзевяць гадоў адпрацавалі ў школе. Чаму вырашылі крута памяняць лёс?
– Тут усё празаічна. Жонка нарадзіла другое дзіця (зараз іх трое), а яшчэ трэба было выплачваць крэдыт за пабудаваную кватэру. Настаўніцкага заробку па-просту не хапала… Але, ведаеце, час праведзены ў школе, стасункі з вучнямі і іх бацькамі, з калегамі далі мне вельмі шмат у плане набыцця камунікатыўных навыкаў. Таксама сёння дапамагае і вопыт, які атрымаў падчас працы ў сельгаспрадпрыемстве “Шыпяны-АСК”.
Гутарыў Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара
ДАС’Е “РАЁННАГА ВЕСНІКА”
Аляксандр Віктаравіч ФОМЧАНКА нарадзіўся ў 1981 годзе ў Смалявічах.
Мае дзве вышэйшыя адукацыі: у 2003 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у 2015 – Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Па спецыяльнасці – гісторык, правазнаўца.
З 2002 да 2011 года працаваў настаўнікам гісторыі, спачатку ў Барсукоўскай сярэдняй школе Смалявіцкага раёна, а затым – у Смалявіцкай гімназіі.
З 2011 года – на пасадах спецыяліста па маркетынгу, юрысконсульта, галоўнага спецыяліста па прававых пытаннях і знешнеэканамічнай дзейнасці сельскагаспадарчага прадпрыемства “Шыпяны-АСК” Смалявіцкага раёна.