Сонца, дом, рэчка...
Распрацавана турыстычная сімволіка Свіслаччыны. Што азначае кожны яе элемент?
У вобразе Свіслаччына – тэрыторыя адпачынку, адкрытая кожнаму, утульны і цёплы куток прыроды. Гасцінныя гаспадары сядзібаў раёна адчыняюць дзверы ўсім, нават тым, у каго асаблівыя патрэбы падчас падарожжаў.
Зялёныя адценні карцінкі выклікаюць асацыяцыі з самой прыродай, колерам вясны і адраджэння. Блакітная лінія пасярэдзіне, якая сімвалізуе раку, выклікае спакой, мір, бесклапотную весялосць, адчуванне лёгкасці і вольнай прасторы.
Візуалізацыя дубовага ліста ў чарговы раз нагадвае і распавядае аб прыродным багацці Свіслацкага раёна – стогадовых дубровах, а таксама нашым гонары – Белавежскай пушчы, адпачынак у якой становіцца даступны для ўсіх турыстаў.
Прыгожы і мудрагелісты шрыфт у назве рэгіёну надае нейкую таямнічасць і запрашае да новых адкрыццяў. Сонца, рака, утульны вясковы домік, лес выклікаюць радасны настрой і клічуць адпачыць, забыцца пра гарадскую мітусню, праблемы, нацешыцца чысцінёй і цішынёй прыроды.
Падрыхтавала Марына ЯНЮК.