Прафесія Юліі Дзятлавай мае наўвазе шырокі профіль: і спяваць, і танцаваць, і тэатральную пастанову зладзіць, і самой паўдзельнічаць, і іншых навучыць
Заахвоціць да дзейнасці, разварушыць, абудзіць талент, не пакінуць у статычным раўнадушшы. А яшчэ прыдумаць антураж, рэквізіт, касцюм... І яшчэ безліч усяго: яна культарганізатар у доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў «Шубіна».
Разам з бібліятэкарам дома-інтэрната Марыяй Казюкінай Юлія гатова зладзіць для старых тое, што ім больш за ўсё даспадобы. А менавіта гульнёвыя, конкурсныя, танцавальныя праграмы, канцэрты, прадстаўленні, адна з асноўных мэт якіх — прывабіць да ўдзелу і прагляду найбольшую колькасць людзей. Да такіх форм работы часцей за ўсё звяртаецца Юлія Іванаўна.
У доме-інтэрнаце існуюць і кружкі па інтарэсах, дзе жадаючыя могуць рэалізаваць свае творчыя памкненні. Ёсць нават кружок, які не мае на мэце нейкіх спецыяльных навыкаў, кшталту рукадзелля ці настольных гульняў: «Ля самавара» можна сабрацца, каб проста абмеркаваць сваю надзённасць, падзяліцца добрым настроем ці праблемай.
Актыўная старасць, якая адмаўляе абыякавае стаўленне да рэчаіснасці, прапагандуецца работнікамі «Шубіна». Кніжныя выставы, лекцыі, гутаркі, што ладзяцца з удзелам цэнтральнай раённай бібліятэкі, абуджаюць інтарэс да чытання, падзей у краіне і свеце. Дарэчы, актыўнасць наўпрост уплывае на здароўе: навука даказала, што набыццё новых ведаў, разгадванне красвордаў, шахматы і падобная дзейнасць не толькі бавіць, але і за кошт памнажэння нейронных сувязяў у мозгу працягвае жыццё. Другі рэсурс даўгажыхарства, даступны тут старым — гэта падсобная гаспадарка ўстановы, дзе можна чаргаваць разумовую размінку з фізічнай, і тым самым падтрымліваць форму.
За мінулыя годы пад мастацкім кіраўніцтвам Юліі Іванаўны старыя з «Шубіна» сталі ўладальнікамі грамат і дыпломаў у выставе-конкурсе творчага майстэрства «Чараўніцтва свімі рукамі», конкурсе-аглядзе мастацкай самадзейнасці «Парад талентаў» і нават спартыўна-масавай абласной спартакіядзе.
Будні культарганізатара не маюць зацішку: мерапрыемствы да дзяржаўных святаў і памятных дат адбываюцца круглы год. У рэлігійныя святы ў храме св. Матроны, што размешчаны на тэрыторыі ўстановы, праводзяцца службы і сустрэчы з прадстаўнікамі Гомельскай епархіі: духоўнае жыццё насельнікаў інтэрната таксама не на апошнім месцы.
Каб выступленні мясцовых талентаў не прыядаліся, арганізуюцца праграмы з удзелам Веткаўскага Дома культуры, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, гімназіі Веткі, мастацкіх калектываў сельскіх дамоў культуры, самадзейнасці ВКП-21, праводзяцца сумесныя акцыі з гомельскай сярэдняй школай №59, Клубам львоў, Чырвоным Крыжам, спецыяльнымі і вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Гомеля.
— Наша задача — стварэнне спрыяльных умоў для культурнага правядзення вольнага часу, — кажа Юлія Дзятлава. — Актывізацыя цікавасцяў, развіццё інтарэсаў, здольнасцяў і схільнасцяў падштурхоўвае нас да пошуку новых форм работы. Як толькі даведаемся пра новыя прыймальныя для старых формы работы, то абавязкова паспрабуем прапанаваць нашым жыхарам. Жыць трэба цікава.
На гэты год у культурнага сектара, як заўжды, немалыя планы. Напрыклад, тэматычныя і народныя святы, якія маюць стабільны поспех. У планах — і сумесныя мерапрыемствы з мясцовымі службамі па надзвычайных сітуацыях і міліцыяй, раённым друкам. Так што сумаваць ні старыя, ні калектыў работнікаў «Шубіна» не будуць, было б жаданне. Гэта гарантуе адказны, актыўны, жвавы, аптымістычны характар культарганізатара Юліі Дзятлавай.