Праца – крыніца поспеху

Источник материала:  
12.04.2018 — Разное

Вось ужо каторы год наш філіял дзяржаўнага прадпрыемства “Беларусьгандаль” у ліку асноватворных вытворчых прадпрыемстваў па выкананні паказчыкаў па экспарце тавараў. Знакамітыя паліўныя гранулы, так званыя пілеты,  запатрабаваны ў многіх краінах Еўропы.

Кожны працаўнік у калектыве філіяла ўносіць свой уклад у поспех прадпрыемства. Вось і аператар на аўтаматычных і паўаўтаматычных лініях у дрэваапрацоўцы 5 разраду Дзмітрый Жудро сёлета на раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі быў ганараваны ў намінацыі “Лепшы па прафесіі” за шматгадовую добрасумленную працу і перавыкананне вытворчых заданняў у 2017 годзе. З рук старшыні райвыканкама Аляксандра Наўныкі Дзмітрый Іванавіч атрымаў Ганаровую грамату і прэмію.

Праца – крыніца поспеху

Дзмітрый Жудро, вяртаючыся з начной змены, вышукаў хвілінку, каб крыху расказаць пра свае працоўныя і асабістыя дасягненні.

– У філіяле “Беларусьгандлю” працую ўжо сем гадоў. Увогуле так атрымалася, што мая працоўная дзейнасць заўсёды была звязана з дрэваапрацоўкай, хаця па спецыяльнасці я аграном. У свой час скончыў Чырвонабярэжскі тэхнікум. У час вучобы працягваў займацца спортам. Мае захапленні – гэта камандныя віды спорту, у большасці валейбол. Дарэчы, быў у зборнай тэхнікума. Крыху займаўся і цяжкай атлетыкай, цягаў штангу.

Пасля заканчэння вучобы паўгода папрацаваў па спецыяльнасці і пайшоў аддаваць абавязак Айчыне. Тэрміновая паўтарагадовая служба ў арміі праляцела хутка. Працу працягваў на Мазырскай мэблевай фабрыцы, восем гадоў адпрацаваў у Ляскавічах на дрэваапрацоўчым комплексе. Цяпер вось у Муляраўцы.

Вытворчасць у нас няспынная: шаснаццаць чалавек размеркаваны на 4 змены. На сваёй змене я старэйшы. Разам са мной працуюць тры аператары і вадзіцель “Амкадора”. За змену ў зімовы час вырабляем ад 7 да 10 тон гатовай прадукцыі, летам і таго больш – ад 12 да 18 тон. Частка пілавіння ідзе ў печ для прасушкі гатовай прадукцыі. Дарэчы, пастаўшчыкамі сыравіны, пілавіння, для нас з’яўляюцца Ляскавічы і Васілевічы. Зразумела, каб вырабіць да 10 тон пілетаў, сыравіны спатрэбіцца ўдвая больш, бо гранулы спрасоўваюцца.

Што датычыць абсталявання, то яно працуе спраўна. Выпадковыя непаладкі ўхіляем самі.

Працую па 12 гадзін двое сутак, затым два выхадныя. Дома назапашваецца шмат работы, адпачываць няма калі. Жонка Алена таксама занята на вытворчасці. Праўда, на малочнай, вырабляе сыры. Дачка Аксана – гімназістка, вучаніца 6 класа. Акрамя школы захапляецца танцамі.

Іншы раз выпадае ў выхадны з’ездзіць на рыбалку ці за грыбамі ў лес.

Тое, што мая работа была     адзначана на злёце перадавікоў – гэта прыемна. Тым больш, што ўпершыню, ды яшчэ ў такой ганаровай намінацыі. Дзякуй за давер! Буду і надалей імкнуцца да лепшых вынікаў.

– А мы і не сумняваемся! Поспехаў Вам!

Інга ГІЛЕНКА.

Фота Арцёма ГУСЕВА.

←С душой о малой родине. Внимание: конкурс сочинений!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика