Родам з вёскі Востраў рэктар Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта Валянцін Валетаў
Да месца, дзе нарадзіўся, дзе стаяў ці стаіць бацькоўскі дом, усё жыццё адчуваеш цеплыню і любоў, дзе б ты ні жыў, у якія б вялікія людзі ні выбіўся.
Пра сваю малую радзіму Валянцін Валетаў, рэктар Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, узгадвае з асаблівай пяшчотай.
– Нарадзіўся я ў вёсцы Востраў Ельскага раёна, – гаворыць Валянцін Васільевіч. – Цяжка зараз паверыць, але ў гады майго маленства ў вёсцы было аж дзве чаргі кароў. Працавала птушкагадоўчая ферма, людзі займаліся развядзеннем авечак. Нягледзячы на вельмі малы ўзрост (у школу я пайшоў ужо ў Ельску, дзе бацькі пабудавалі хату), добра помню вясковыя вуліцы, людзей, кожны куточак у хаце… Нездарма дзіцячыя ўспаміны – самыя моцныя і трывалыя.
Школьныя ж гады Валянціна Валетава прайшлі ў Ельску. Тут ён скончыў сярэднюю школу № 1. Адсюль пачалася яго дарога ў самастойнае жыццё. Турбуе Валянціна Васільевіча тое, што дзяцей у гарадскіх школах цяпер вучыцца зусім мала. Калі, напрыклад, ён заканчваў школу, было аж чатыры камплекты выпускных класаў. Па яго словах, з некаторымі аднакласнікамі ён і зараз падтрымлівае сувязі, нягледзячы на тое, што на сваёй малой радзіме бывае даволі рэдка. Абавязкова – на Радаўніцу, таму што на ельскіх могілках пахаваны бацькі і многія іншыя родзічы Валетава. І пакланіцца іх магілам – яго святы абавязак.