Бярозавік пайшоў!
Днямі Чэрвеньскі лясгас пачаў нарыхтоўку бярозавага соку. Сёлета тут маюць намер рэалізаваць перапрацоўчым прадпрыемствам і насельніцтву 250 тон гэтага гаючага напою.
Першымі зрабілі падсочку бяроз у Натальеўскім лясніцтве. Для памочніка ляснічага Уладзіміра Губіча (на здымку) сёлетні сезон соканарыхтоўкі ўжо трыццаць сёмы па ліку. Менавіта столькі гадоў шчыруе ветэран працы ў лясной гаспадарцы.
– Для падсочкі, як правіла, выбіраем участкі лесу, якія бліжэйшым часам плануюцца пад высечку, – распавёў ён. – Сёлета на адным з іх збіраем сок у 400 поліэтыленавых пакетаў. Па нарыхтаваны бярозавік раз у два-тры дні будзе прыязджаць трактар з бочкай. Разлічваем рэалізаваць 35 тон соку на перапрацоўку, астатняе – насельніцтву.
Як паведаміла “Раённаму весніку” намеснік дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жанна Чарнавец, продаж бярозавіку насельніцтву наладжаны ва ўсіх лясніцтвах, акрамя Грабёнскага. Кошт яго ў параўнанні з мінулым годам не павялічыўся – 24 капейкі за літр. Таксама для ахвотных прадугледжана магчымасць самастойнай нарыхтоўку соку. Неабходна толькі звярнуцца ў лясніцтва, дзе спецыялісты пакажуць дазволеныя для падсочкі ўчасткі і распавядуць, як рабіць яе правільна, каб не нашкодзіць дрэвам.
Не варта забывацца, што за нарыхтоўку соку без дазволу, а таксама з парушэннем правілаў давядзецца заплаціць немалы штраф.
Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара