За бяспеку разам
Штогадовая рэспубліканская пажарна-прафілактычная акцыя пад такой назвай стартавала 2 красавіка на Пастаўшчыне.
Яна праводзіцца перш за ўсё ў жылым сектары, каб павысіць узровень бяспекі насельніцтва і ацаніць гатоўнасць тэрыторый да вясенне-летняга пажаранебяспечнага перыяду. Мэтамі акцыі з’яўляюцца зніжэнне колькасці пажараў, павышэнне інфармаванасці насельніцтва пра магчымасці дзяржаўных арганізацый па аказанні паслуг у сферы забеспячэння пажарнай бяспекі, умацаванне правапарадку, папярэджанне правапарушэнняў, якія здзяйсняюць грамадзяне ў стане алкагольнага ап’янення.
З пачатку 2018 года ў краіне адбылося больш за 1640 пажараў, на іх загінулі 200 чалавек, у тым ліку адно дзіця. У Пастаўскім раёне адбылося 11 пажараў, загінуў адзін чалавек.
У ходзе акцыі работнікі РАНС наведаюць па месцы жыхарства адзінокіх і адзінокапражываючых састарэлых грамадзян і інвалідаў, сем’і, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, дадуць растлумачэнні і рэкамендацыі па павышэнні ўзроўню пажарнай бяспекі жылля. Таксама яны сумесна з іншымі службамі правядуць рэйды па праверцы супрацьпажарнага стану месцаў агульнага карыстання ў шматкватэрных жылых дамах, ажыццявяць маніторынг стану крыніц супрацьпажарнага водазабеспячэння, выступяць у працоўных калектывах па пытаннях выканання правілаў пажарнай бяспекі. У перыяд правядзення прафілактычнай акцыі кожны грамадзянін можа сам звярнуцца ў раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях для правядзення абследавання супрацьпажарнага стану яго жылля.