Іх прызванне – быць лепшымі
Яскрава, з запалам на пытанне, куды пайсці вучыцца, адказалі навучэнцы Відзаўскага ДПТК падчас мерапрыемства, якое праходзіла на мінулым тыдні ў актавай зале гімназіі і ладзілася для старшакласнікаў школ раёна.
Харызматычныя і таленавітыя юныя артысты каледжа з задавальненнем і гонарам прадстаўлялі свае спецыяльнасці. Сімпатычныя тэхнікі-механікі, стыльныя вадзіцелі, знаходлівыя леснікі і абаяльныя афіцыянты літаральна запальвалі ўсіх. Іх гумарыстычныя сцэнкі, басні, рытмічныя танцы і вясёлыя песні прыйшліся даспадобы гледачам, якія ў сваю чаргу дзякавалі ўдзельнікам канцэрта шчырымі апладысментамі.
Хочацца дадаць, што відзаўская сельскагаспадарчая кузня кадраў сапраўды сёння з’яўляецца сучаснай і перадавой адукацыйнай установай, дзе створаны ўсе належныя ўмовы для вучобы і рэалізацыі творчага патэнцыялу навучэнцаў. І навошта ехаць некуды далёка, калі ёсць магчымасць побач з домам атрымліваць навыкі прафесіі, якая ў нашы дні вельмі запатрабавана на рынку працы, да таго ж цікава і весела праводзіць свой вольны час.
■ Тэкст і фота Алены ПЯТУШКА.