В районе проходит профилактическая акция «За безопасность вместе»
Каб папярэдзіць пажары і гібель людзей на іх, з 2 па 20 красавіка ў Шумілінскім раёне будзе праходзіць рэспубліканская пажарна-прафілактычная акцыя “За бяспеку разам”, якая накіравана на павышэнне ўзроўню бяспекі, актывізацыю прафілактычнай работы, аналіз яе эфектыўнасці і ацэнку гатоўнасці да вясенне-летняга перыяду.
У акцыі возьмуць удзел супрацоўнікі РАНС, РАУС, адукацыі, аховы здароўя, сацыяльнай сферы, ЖКГ, энерганагляду і інш.
Будзе аказана ўсебаковая дапамога органам дзяржаўнага кіравання, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам у навучанні грамадзян і членаў пазаштатных пажарных фарміраванняў правілам пажарнай бяспекі ў побыце і на вытворчасці. Падчас акцыі пройдуць рэйдавыя мерапрыемствы па праверцы жыллёвага фонду, сустрэчы ў працоўных калектывах прадпрыемстваў і арганізацый, будзе арганізавана прафілактычная і тлумачальная работа сярод насельніцтва.
Вялікая работа будзе праведзена па ўмацаванні правапарадку, папярэджанні правапарушэнняў, што здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап’янення. Асаблівая ўвага будзе надавацца сем’ям, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, а таксама праблеме пакідання малалетніх дзяцей без нагляду.
Правядзенне акцыі накіравана на стабілізацыю становішча з пажарамі і гібеллю на іх людзей, а таксама на прыцягненне ўвагі насельніцтва да пытанняў захавання бяспекі.
Ларыса ЛІНКЕВІЧ, спецыяліст РАНС.
Надрукавана ў №27 ад 06.04.2018 г.