Вялiкдзень у Пагародне

Источник материала:  
03.04.2018 — Разное

Вялiкдзень у Пагародне

Супрацоўнікі Пагародзенскага цэнтра культуры разам з удзельнікамі аматарскай творчасці адрадзілі велікодны абрад “Жачкі”. Сёлета ў дзень Пасхі яны пастукалі ў дамы пагародзенскіх і асоўскіх гаспадароў.

“Ці можаце нас, жачкаў, павітаць і да сваёй хаты прыняць?” “Я маленькі жачок, паўзу, як рачок, скачу, як жабка, дай яечка, бабка!” Такімі радкамі распачыналі сваё віншаванне самыя галоўныя ўдзельнікі абрада — дзеці. Яны шчодра дарылі ўсмешкі, сыпалі жартамі. Не адставала ад іх у кемлівасці і веданні абрадавых вершаў і самая маленькая з валачобнікаў — васьмігадовая Паліна Бедугніс.


Вялiкдзень у Пагародне

Калі змаўкалі звонкія дзіцячыя галасы, бралі слова дарослыя. Святочныя велікодныя песні пад гармонік Міхаіла Жука спявалі дружна, ад усяго сэрца. Калі ж у хаце заставалі незамужнюю дзяўчыну, для яе абавязкова выконвалі “Віно” (продкі верылі: гэтая песня “дапаможа” ёй у наступным годзе выйсці замуж). А яна іх частавала салодкімі ласункамі. Да ночы не змаўкаў гармонік: валачобнікі імкнуліся прынесці добрую вестку аб свяце як мага ў больш дамоў.

Даведка

Абрад “Жачкі” мастацкі кіраўнік Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці Святлана Салмановіч запісала тры гады назад ад Вітольда Янавіча Вітукевіча і Марыі Казіміраўны Кіроль з Пагародна. Паводле яго жачкі-дзеці, з’еўшы на Вялікдзень асвечаныя ў касцёле стравы, ішлі ў валачобнікі. Стукалі ў дамы аднавяскоўцаў, чыталі ім вершы-віншаванні, часам жартаўлівыя. За гэта атрымоўвалі ад гаспадароў яйкі і салодкія пачастункі.


Вялiкдзень у Пагародне

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота з архіва Пагародзенскага ЦКіНТ.

←С 4 апреля автомобильное топливо дорожает на 1 копейку

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика