Шесть лет за нападение на таксиста
Жарты – гэта калі смешна
Яго біяграфія – суцэльны прыгавор, жыццё – камандзіроўкі з адной калоніі ў другую. Ён, як на экзамене, называе суддзі артыкулы Крымінальнага кодэкса, па якіх у свой час прыцягваўся да адказнасці, бывае, нешта блытае, але ў цэлым усё правільна. Адна, другая… чацвёртая… шостая… восьмая – для чалавека, які нарадзіўся ў 86-ым, “багаж” судзімасцяў цяжкаваты. Хаця, свая ноша, кажуць, не цягне…
У гэты раз Сяргея Ф. родам з Мішневіч судзілі адразу за два злачынствы, у тым ліку за аліменты. Ён хранічна іх не плаціць, спасылаючыся на адсутнасць такой магчымасці. Вось вырашыў паехаць на заробкі ў Расію, бо на радзіме годна ўладкавацца з яго паслужным спісам не ўдавалася. А ў Расіі, як у Расіі: не плацілі, а толькі абяцалі. Вярнуўся. Вось тут і пачалася яшчэ адна крымінальная гісторыя, якая прывычна прывяла маладога мужчыну на лаўку падсудных.
Даехаць да Полацка цвярозым у Сяргея не атрымалася, але і даехаўшы, спыняцца ён таксама не стаў. І ў кафэ выпіў, і з сабой яшчэ прыкупіў, дарэчы, ля гульнявых аўтаматаў затрымаўся (гэта да таго, што ў чалавека няма ну ніякай магчымасці падтрымліваць сваё дзіця матэрыяльна), узяў таксі і накіраваўся на малую радзіму, у Мішневічы. “Не быў там два гады, – кажа, – па брату, па маці засумаваў, сумку з рэчамі там пакінуць хацеў”. Ноччу, без папярэджання, праз два гады поўнай адсутнасці, п’яны, з нейкай там сумкай – нічога няясна акрамя таго, што такі сюрпрыз павінен здзівіць тых самых родных, якіх хацеў ашчаслівіць сваім візітам Сяргей. Але ніхто, уявіце сабе, не здзівіўся, калі таксі з Сяргеем на борце прыкаціла ў Мішневічы. Апісаць далейшую траекторыю даволі складана: ездзілі ад хаты да хаты, пілі. З братам, з некім яшчэ. А таксіст чакаў і вазіў. Да маці, дарэчы, так і не даехалі. Навошта калясілі па вёсцы, Сяргей не памятае.
Толькі кіраўніцтва фірмы, дзе працуе таксіст, не на жарт устрывожылася: кліент не разлічваецца, машыне выехаць перашкаджаюць. З Сяргеем нават была складзена размова па тэлефоне, пасля якой ён усё ж сеў у таксі і загадаў ехаць у Полацк, каб зняць грошы з карткі і разлічыцца (а адразу зняць грошы нельга было?).
У дарозе Сяргей Ф. прыставіў нож да шыі таксіста і прыгразіў: “Тармазі, а то зарэжу!”. Таксіст спыніўся, выскачыў з машыны і пабег прэч. Сяргей перасеў за руль і паехаў, як потым патлумачыў, таму што машыны было шкада – расцягнуць жа, калі пакіне яе на дарозе. Ехаць доўга не прыйшлося: дырэктар фірмы ўжо выклікаў міліцыю і паведаміў каардынаты месца-знаходжання машыны, якая была абсталявана сістэмай GPS-сачэння, ды і сам не вытрываў і выехаў на месца здарэння.
“Дык я ж пажартаваў, што вы. Я не збіраўся яго рэзаць, проста нож да шыі прыставіў – і ўсё”, – апраўдваўся падсудны. Таксісту, праўда, ні той ноччу, ні пасля ў судзе смешна чамусьці так і не стала. І нікому не стала – ні старшыні суда Алене Сініцкай, якая вяла справу, ні пракурору раёна Сяргею Зайцаву, што выступаў у ролі дзяржаўнага абвінаваўцы, нікому іншаму ў зале. Можа з пачуццём гумару што не так?..
Суд прызнаў мужчыну вінаватым па ч. 3 арт. 174 і па ч. 3 арт. 214 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і прызначыў яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 6 год з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Гэта пакуль самае суровае пакаранне ў біяграфіі маладога чалавека. Ідзе па ўзрастаючай. Калі не спыніцца, то на фінішы жыцця можа аказацца, што за кратамі гадоў было праведзена больш, чым на волі.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №26 ад 03.04.2018 г.