Вёска Валадарка — сястра Хатыні

Источник материала:  
02.04.2018 — Разное

Вёска Валадарка — сястра Хатыні

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Беларусь панесла незаменныя ахвяры, згубіўшы каля 3 мільёнаў жыхароў. Злачынствы фашыстаў можна пералічваць бясконца. Таму жыццёва важна, каб на ўвесь свет гучала праўда пра фашызм.

Пра трагедыю беларускай вёскі Хатынь, спаленай 75 год таму, 22 сакавіка 1943 г. разам з жыхарамі і не адноўленай пасля вайны, ведае ўвесь свет. Ды толькі Хатынь не адна! На «Могілках вёсак» мемарыяльнага комплекса «Хатынь» увекавечаны назвы яшчэ 185 вёсак, якія паўтарылі яе гаротны лёс. 13 з іх — вёскі Гарадоччыны, у ліку якіх — Валадарка (так раней называлася в. Хартова) Пальмінскага сельсавета.

433 спаленыя беларускія вёскі людзі аднавілі пасля вайны, іх назвы ўвекавечаны на «Сімвалічных дрэвах жыцця» комплекса народнай памяці.

Да вайны Валадарка была звычайнай вёскай. Там жылі людзі, аралі, сеялі, вучыліся, нараджалі дяцей. І марылі пра будучыню. Будучыня не наступіла: у 1942 г. вёску ў 37 двароў і 265 яе жыхароў спалілі ворагі. Дзяцей, старых, жанчын, мужчын сагналі ў адзін з будынкаў і падпалілі…

Ад успамінаў жыхароў вёскі (ў жывых засталіся толькі адзінкі) стыне кроў. «На Валадарку напалі немцы і паліцаі, каб знішчыць яе. Жыхарам таксама пагражала пагібель. Першай пачала гарэць вуліца ў бок в. Маісеенкі, якую падпалілі паліцаі. Гэтыя асабліва лютавалі ў час жудаснай аперацыі. У нашу хату ўварваўся малады нямецкі салдат і па-свойму, з дапамогай жэстаў пачаў гаварыць, каб мы хутка збіраліся і ўцякалі ў лес. Перад вайною я закончыла 10 класаў і крыху ведала нямецкую мову. Сказала салдату: «Данке шон, камрад!» Ён памахаў рукой і знік. А наша сям’я ў той страшны дзень выратавалася, амаль адзіная з усёй вёскі,» — успамінала  Л. Балабошка-Катаржэўская.

Ёсць і іншыя запісы ўспамінаў жыхароў Хартова, якія захоўваюцца ў гісторыка-краязнаўчым музеі Пальмінскай сярэдняй школы (на здымку: сцяна памяці аб вёсках, спаленых у Пальмінскім сельсавеце падчас вайны). Расказала яшчэ адна жыхарка в. Хартова Нікалаева Таццяна Аляксееўна, якая таксама цудам засталася жывая ў тыя страшныя гадзіны: «Ва ўсіх лясах знаходзіліся партызаны, шмат іх было, тут праходзіла партызанская зона. Ад урочышча Малькава да самай чыгункі ў в. Залучча іх можна было  сустрэць. Немцы з’яўляліся ў нашай вёсцы часта, наляталі, як каршуны, ежу забіралі — курэй, яйкі, малако… Многа іх рухалася па дарозе Віцебск-Гарадок. Таму партызаны рабілі на іх напады, выбягалі з лесу з аўтаматнымі чэргамі, бывала, што і забівалі фашыстаў, выганялі з вёсак (а было іх раней многа вакол, многія пасля вайны не аднавіліся). І так адбывалася некаторы час. Страшна было, жудасна.

І вось аднойчы фашысты з’явіліся ў вёсцы, але ўжо не за ежай. Іх ахвярамі на гэты раз сталі не куры ды свінні, а людзі. Яны сталі выганяць усіх з хат, накіроўваючы аўтаматамі ў адзін з хлявоў. Нікому не ўдалося ўцалець. Рана яшчэ было, таму ніхто не пакінуў вёску. Усё адбылося імгненна: немцы сагналі людзей і… запалілі. Я, Собалеў Цімафей і Ігнацьева Раіса ў той дзень знаходзіліся ў іншых вёсках. Вось і ўсё. Страшна паміралі людзі, вельмі жудасная смерць. Іх енкі, крыкі было чуваць у іншых вёсках. Калі ўсё сціхла, то з’явіліся тут суседзі з іншых вёсак, пахавалі тое, што засталося ад людзей».

Ёсць такая версія прычыны, па якой карнікі спалілі Валадарку: некаторыя старажылы лічаць, што немцы помсцілі ў той раз партызанам за забітага нямецкага афіцэра, які рухаўся на машыне ў бок Гарадка. Партызаны замініравалі невялікі масток на дарозе за в. Залучча, ведаючы, што па ёй будзе ехаць вораг. Машына з немцам падарвалася…

Валадарка, як і іншыя беларускія Хатыні, — гэта тая рэальнасць, практыка, якую фашызм рыхтаваў цэлым краінам і кантынентам. Чалавецтва павінна памятаць пра смяротную пагрозу, якой яно пазбегла ў недалёкім мінулым, і штодня клапаціцца пра будучыню.

…Гудуць званы, звоняць званы. Звоняць журботна і сурова над спаленымі вёскамі Беларусі — сімваламі, народнымі помнікамі гераізму, выпрабаванням і смутку беларусаў.

Па матэрыялах гісторыка-краязнаўчага музея Пальмінскай СШ падрыхтавала
Яўгенія ДОШЧЫЧ, студэнтка ВДУ імя П.М. Машэрава.

Вёска Валадарка — сястра Хатыні

 

←Майка под сводами "Борисов-Арены". БАТЭ красиво завершил игровую карьеру Родионова

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика