Обольская школа живёт в режиме капитального ремонта. Чему несказанно рада
У 1974 годзе ў перспектыўным на той час гарадскім пасёлку Обаль, аб’яднаным вакол магутнага завода, была пабудавана новая школа. Той факт, што праектная магутнасць навучальнай установы складала амаль тысячу вучняў, сведчыць ні пра што іншае, як пра самыя амбіцыйныя планы на будучае.
Праз чатыры дзясяткі гадоў сітуацыя некалькі змянілася. Але школа па-ранейшаму застаецца цэнтрам сацыяльна-культурнага жыцця пасёлка. Праўда, і сам будынак, і яго ўнутранае ўладкаванне за гэты час і фізічна, і маральна састарэлі. У школе даўно прасіўся рамонт. Але, улічваючы маштабы неабходнага (толькі вокнаў трэба не адну сотню памяняць) і матэрыяльныя ўкладанні, што патрэбны для іх увасаблення, дырэктар школы Іна Чарнічэнка прызналася, што нават і марыць пра такое не смела. Паціху сваімі сіламі рабілася многае. Але гэтай школе патрэбны былі менавіта маштабныя ўзрушэнні.
І вось ужо амаль месяц Обальская школа жыве ў рэжыме капітальнага рамонту. Гэта стала магчымым, дзякуючы падтрымцы Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. У школе ўжо заменены вокны ва ўсіх памяшканнях – ад спартзалы да самых маленькіх кабінетаў. Ідзе рэканструкцыя ўваходнай групы, якая будзе арганізавана з улікам забеспячэння безбар’ернага асяроддзя. Будзе адрамантавана столь на першым паверсе, дэманціравана прыбудова, у якой размяшчаліся гардэроб і кабінет сельгасмашын. Пад новы гардэроб пераабсталююць вучэбныя памяшканні. У спартыўнай зале з’явяцца новыя свяцільнікі, пройдзе рамонт распранальняў.
Падарункам школе ад банка стане кабінет інфарматыкі, абсталяваны па самым апошнім слове тэхнікі. Тут варта заўважыць, што Обальская школа з’яўляецца апорнай установай адукацыі раёна па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. Лакальная сетка, віртуальны метадычны кабінет, унутраны чат, рэсурсныя цэнтры і разнастайныя створаныя імі для работы сайты – усё гэта даўно і з поспехам практыкуецца ў школе. І тыя 15 новых камп’ютараў з неабходнымі праграмамі, на якія хутка пабагацее школа, можна не сумнявацца, зададуць новы імпульс рабоце і без таго апантаных сваёй справай педагогаў.
На працягу апошніх двух год школа займае лідзіруючыя пазіцыі ў рэйтынгу навучальных устаноў раёна. У вучняў ёсць магчымасць удзельнічаць у самых розных адукацыйных праектах, у тым ліку, напрыклад, рэспубліканскім праекце па духоўна-маральным выхаванні.
Зараз Обальскую школу наведваюць амаль 250 вучняў. Дырэктар заўважыла, што на бліжэйшыя пяць год ёсць перспектывы павялічыць гэтую лічбу да 280. Маючы на ўвазе праектную магутнасць будынка, у перспектыве школа можа прыняць вучняў з іншых населеных пунктаў, тых, дзе ўстановы адукацыі будуць аптымізаваны.
Першы этап рэканструкцыі школы, у ходзе якога будзе асвоена амаль 220 тысяч долараў, завершыцца да сярэдзіны мая. Другі этап прадугледжвае рамонт фасаду, даху, замену санвузлоў і плануецца ў рамках рэалізацыі праграмы развіцця гарадскога пасёлка Обаль.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №25 ад 30.03.2018 г.