10 тысяч нумароў разам
Добры дзень, паважаныя чытачы: пастаянныя падпісчыкі “Пастаўскага краю” і тыя, хто чытае раёнку час ад часу. 31 сакавіка выходзіць юбілейны — 10-тысячны нумар раённай газеты.
Яна выходзіць з 1939 года, за гэты час не раз мяняла назву і дызайн. Вось і сёння ў чарговы раз абнавіла лагатып. У хуткім часе ўслед за новым знешнім выглядам папяровай газеты зменіцца і яе сайт. Нягледзячы на ўсе трансфармацыі, галоўная задача, якую ставіць перад сабой рэдакцыйны калектыў, застаецца нязменнай — заўсёды быць на вастрыні падзей, што адбываюцца на Пастаўшчыне.
Выхад у свет 10-тысячнага нумара — цудоўная нагода выказаць словы падзякі ўсім, хто ў розныя часы працаваў у газеце, рэдагаваў і друкаваў яе, хто дасылаў раней свае артыкулы ў рэдакцыю і робіць гэта цяпер. Допісы нашых нястомных пазаштатных карэспандэнтаў робяць газету больш цікавай і насычанай. Знарок не буду называць прозвішчы, каб кагосьці не пакрыўдзіць няўвагай, а пералічыць усіх, хто за гэты час меў дачыненне да стварэння выдання, у межах адной невялікай заметкі, немагчыма.
10 тысяч нумароў! Гэта многа ці мала? Пытанне філасофскае. Спадзяюся, што гэта толькі адна з невялікіх вех у гісторыі раёнкі. І, як мінімум, яшчэ праз 10 тысяч нумароў новае пакаленне журналістаў будзе задавацца такім жа пытаннем.
Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ