Чытаюць вершы дзеці
Раённы конкурс чытальнікаў «Захаваем свет разам» адбыўся ў мінулы панядзелак на базе сярэдняй школы №1. У ім прынялі ўдзел вучні 6-11 класаў. Пераможцамі сталі Марыя Грынкевіч, Аміна Назарава і Галіна Роліч. Дзяўчаты будуць прадстаўляць Акцябрскі раён на аналагічным абласным конкурсе.
Конкурс чытальнікаў “Захаваем свет разам!” у 2008 годзе заснавала Гомельскае абласное аддзяленне ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Ён праводзіцца пры падтрымцы ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама. Кожны год выбіраецца розная тэматыка, у 2018-м мерапрыемства па мастацкаму чытанню вершаў было прысвечана 80-годдзю Гомельскай вобласці, 100-годдзю Леаніда Гаўрылава і 80-годдзю Анатоля Грачаннікава. Гэта пісьменнікі, якія нарадзіліся ў нашай вобласці і праслаўлялі яе ў сваіх творах.
Раённаму этапу папярэднічалі школьныя спаборніцтвы. Лепшыя дэкламатары-вучні, а іх было амаль 30 чалавек, павінны былі не только выразна прачытаць вершы, але і прадэманстраваць свае артыстычныя здольнасці. У членаў журы стаяла складаная задача: ацаніць узровень майстэрства выканання, выразнасць і эмацыянальнасць чытання, артыстычнасць і сцэнічную культуру, сваеасаблівасць і арыгінальнасць рэпертуару, адлюстраванне патрыятычнай тэматыкі. Проста прачытаць верш можа кожны чалавек, але зрабіць гэта так, каб вызваць у слухачоў эмоцыі – слёзы ці радасць, наўрад ці атрымаецца. Некаторыя ўдзельнікі конкурсу гэта зрабілі адметна і таленавіта. Напрыклад, вучаніца 11 класа гімназіі Марыя Грынкевіч на сцэне танцавала, а вучань 10 класа гэтай жа ўстановы адукацыі Марыян Сапацькоў эмацыянальна звяртаўся да партрэта Янкі Купалы. Творы пра вайну школьнікі буквальна пражывалі, прапускалі радкі праз сэрца.
Было прыемна чуць беларускую мову і бачыць, што сучасным дзецям падабаецца чытаць вершы. Яны добра трымаліся на сцэне і не саромеліся выражаць свае эмоцыі. Нельга не адмеціць і дапамогу настаўнікаў, якія рыхтавалі вучняў да конкурсу. Сумесная работа школьнікаў і настаўнікаў адчувалася.
Наступны этап конкурсу – абласны. Пераможцы ўсіх раёнаў Гомельскай вобласці адправяць відэазапісы са сваімі вершамі арганізатарам. А ўжо уладальник Гран-пры і лаўрэаты будуць названы пазней. Традыцыйна вынікі конкурсу і ўзнагароджванне пераможцаў адбываецца на свяце, прысвечаным Дню беларускаму пісьменству, ці літаратурных дажынках.
Ірына ЛЯШКОВА.
Фота аўтара.
Верш чытае вучань 10 класа Акцябрскай раённай гімназіі Марыян Сапацькоў