Карысна і па-сучаснаму адзначылі Дзень роднай мовы навучэнцы гімназіі – вэб-квэстам пад назвай “Белаазёрскімі сцежкамі Ніны Мацяш”
Мэтай гульні было навучанне дзяцей уменню ўспрымаць прадметны свет культуры, фарміраванне ў іх каштоўнасных адносін да навакольнага свету, здольнасці беражліва ставіцца да культурнай спадчыны, выхаванне эстэтычных і маральных ідэалаў, патрыятызму і музейнай культуры праз паглыбленне ведаў пра асноўныя вехі жыцця і творчасці Ніны Мацяш.
Кожная каманда атрымала маршрутны ліст, у якім былі ўказаны пункты наведвання. На аб’ектах іх сустракаў прадстаўнік гімназіі. Пасля паспяховага выканання задання ўдзельнікі атрымлівалі “кодавае слова”. Сабраўшы іх, вучні ў канцы маршруту змаглі прачытаць зашыфраваную фразу: “Душа ў такой аддалечы лунае, куды зямное смецце не сягне”.
Удзельнікі даведаліся, дзе знаходзіцца дом, у якім пражывала ў апошнія гады пісьменніца. Выканалі заданне ў скверы Белаазёрскага каледжа электратэхнікі, дзе Ніна Іосіфаўна любіла адпачываць. У Дзіцячай школе мастацтваў пазнаёміліся з аўтарам мелодыі да верша “Я вас люблю” Ганнай Іванаўнай Федасюк (на здымку). Таксама гімназісты павінны былі ўказаць назву першага зборніка вершаў Н. Мацяш, распазнаць знакамітых сяброў пісьменніцы ў бібліятэцы і выканаць усе астатнія, не менш цікавыя, заданні.
Дапамагалі навучэнцам… мабільныя тэлефоны. На кожнай станцыі быў размешчаны QR-код, з якога можна было “счытаць” важную інфармацыю. Гэта якраз той выпадак, калі сучасныя гаджэты паслужылі на карысць культурнаму развіццю моладзі.
Праз паглыбленне ведаў пра вехі жыцця і творчасці Ніны Мацяш, праз уменне знаходзіць неабходныя звесткі, працаваць у камандзе навучэнцы гімназіі атрымалі бясцэнны вопыт. А настаўнікі на чале з Галінай Васільеўнай Скарыной – магчымасць на практыцы ўбачыць выхаваўчыя і навучальныя вартасці новых тэхналогій.
Усе каманды выканалі заданні. Найлепшымі сталі навучэнцы 11 “Б” класа. Але на гэты раз сам удзел быў ужо перамогай!
Надзея ГУТАВЕЦ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі г. Белаазёрска.